Пошук

Біскуп Маркус Бюхель, пастыр швейцарскай дыяцэзіі Санкт-Гален Біскуп Маркус Бюхель, пастыр швейцарскай дыяцэзіі Санкт-Гален  

Швейцарыя: у дыяцэзіі ідзе апытанне для выбару новага біскупа

У швейцарскай дыяцэзіі Санкт-Гален пачаўся працэс выбару новага біскупа з выкарыстаннем апытання вернікаў. Гэта робіцца з мэтай зрабіць Касцёл больш сінадальным і ўлічыць усе меркаванні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Цяперашні пастыр, біскуп Маркус Бюхель, падаў у адстаўку ў дзень свайго 75-годдзя (9 жніўня 2024 года). Папа папрасіў яго застацца на пасадзе да прызначэння пераемніка.

Катэдральны капітул мае тры месяцы на падрыхтоўку да выбараў. Дыяцэзія пачала кансультацыі з касцёльнымі групамі, пытаючыся ў вернікаў пра якасці, якімі павінен валодаць кандыдат, каб адпавядаць патрэбам дыяцэзіі і сучасным выклікам.

Працэс выбару кандыдатаў уключае магчымасць дыскусій у групах, у тым ліку з удзелам вернікаў іншых хрысціянскіх канфесій.

Сабраныя меркаванні будуць апрацаваны Швейцарскім інстытутам душпастырска-сацыялагічных даследаванняў. На іх падставе капітул складзе спіс з шасці імёнаў святароў дыяцэзіі, які будзе накіраваны ў Рым для праверкі. Пасля вяртання спісу капітул прыме рашэнне ў кансультацыі з Каталіцкім калегіумам кантона Санкт-Гален. Імя выбранага кандыдата будзе перададзена Папу Францішку для прызначэння.

Такая працэдура ўжо выкарыстоўвалася пры прызначэнні біскупа Бюхеля ў 2006 годзе і яго папярэдніка, біскупа Іва Фюрэра, у 1995 годзе.
 

27 жніўня 2024, 10:19