Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі  

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў Росіцы і Батароўскім лесе, Дзень пажылых людзей – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Росіцы пілігрымы сабраліся на малітоўную сустрэчу, прысвечаную памяці благаслаўлёных пакутнікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Звыш ста пілігрымаў прыбылі 2 жніўня 2024 года пешшу з Друі. Праграма сустрэчы, якую традыцыйна ладзяць айцы марыяне, уключае набажэнствы, святыя Імшы, Літургію Усходняга абраду, канферэнцыю, працэсію на пляц мучаніцтва.

У Батароўскім лесе Імшу ў гадавіну мучаніцкай смерці навагрудскіх назарэтанак цэлебраваў біскуп Уладзімір Гуляй. Каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў урачыстасці, якія прайшлі 31 ліпеня – 1 жніўня 2024 года на месцы расстрэлу нацыстамі ў час Другой сусветнай вайны адзінаццаці законніц, якія аддалі сваё жыццё за 120 чалавек, асуджаных на смерць. Як адзначыў іерарх, "у сённяшні неспакойны час мучаніцы з Навагрудка паказваюць усяму свету, што малітва, ахвярнае жыццё і клопат пра іншых кідаюць выклік сіле вайны, зла і нянавісці, нагадваюць, што хрысціяне перамагаюць не сілай, а верай і любоўю". Упершыню на ўрачыстасці прыйшла пешая пілігрымка з Ліды.

Дзень пажылых людзей адзначылі з удзелам біскупаў. 28 ліпеня 2024 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай цэлебрацыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Іерарх зазначыў, што бабулі і дзядулі з’яўляюцца надзвычай багатай крыніцай у перадачы маладым пакаленням досведу мінулага. А ў Мінску свята з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага арганізаваў Caritas. Пасля святой Імшы ў катэдры валанцёры зладзілі для пажылых парафіянаў пачастунак і забаўляльную праграму: танцы, спевы, гульні.

У Магілёве прайшоў майстар-клас для іканапісцаў-аматараў. 28 ліпеня 2024 года ў парафіі святога Казіміра і святой Ядзвігі, дзе нясуць служэнне айцы дамінікане, завяршылася майстэрня па іканапісу, якая праходзіла ўжо ў чацвёрты раз. У мінулыя гады ўдзельнікі стваралі абразы Маці Божай, святой каралевы Ядзвігі і святога Дамініка, а сёлета было прапанавана напісаць ікону святога Францішка Асізскага. Майстар-клас праводзіла прафесійная мастачка Валянціна Аўсяннікава. Пад яе кіраўніцтвам за напісанне абраза ўзяліся шэсць чалавек, у тым ліку двое 10-гадовых удзельнікаў.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

03 жніўня 2024, 06:39