Пошук

Працэсія са свечкамі ў лурдскім санктуарыі Працэсія са свечкамі ў лурдскім санктуарыі  (AFP or licensors)

У Лурдзе на Унебаўзяцце – 30 тысяч пілігрымаў

Марыйны санктуарый у Лурдзе зноў поўніцца жыццём. На ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі тут чакаюць каля 30 тысяч пілігрымаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Радасць выклікае факт, што пасля чатырох гадоў зноў адкрыліся басейны з цудадзейнай вадой. Яны былі зачыненыя ў сакавіку 2020 года спачатку з прычыны пандэміі, а потым у выніку рамонтных работ.

Біскуп Лурдскі Жан-Марк Міка з падкрэсліў, што ў апошнія тыдні назіраецца павелічэнне прытоку пілігрымаў у гэтае адно з найважнейшых месцаў паломніцтва ў свеце. "Нас радуе, што ўдалося зноў адкрыць басейны – вяртаецца прыгожы рытуал абмывання вадой, такі характэрны для санктуарыя ў Лурдзе", - сказаў ён. Адкрыццё басейнаў выклікала радасць у пілігрымаў, да іх выстройваюцца доўгія чэргі.

Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з'яўляецца адной з найважнейшых падзей года ў санктуарыі. На яе прыбывае, сярод іншага, нацыянальная пілігрымка французаў, якая сёлета дасягнула Лурда ўжо ў 151-ы раз. Галоўнай падзеяй тыднёвых урачыстасцей з'яўляецца ўрачыстая Эўхарыстыя 15 жніўня і працэсія са свечкамі, у якой прымуць удзел тысячы хворых на інвалідных калясках.

Санктуарый імкнецца як мага лепш прыняць пілігрымаў. Басейны з цудадзейнай вадой будуць адкрытыя з 7.30 да 20.00, а больш за 3 тысячы валанцёраў дапамогуць хворым і інвалідам акунуцца ў іх з надзеяй на аздараўленне. Вада ў басейнах паходзіць з крыніцы, якая забіла падчас аб'яўленняў Маці Божай святой Бернадэце Субіру ў 1858 годзе. Тады яна пачула ад Багародзіцы: "Ідзі і напіся з крыніцы і абмыйся там". З таго часу многія людзі аднавілі фізічнае і духоўнае здароўе, а 70 аздараўленняў былі прызнаныя цудоўнымі.

Падчас піку паломніцтва санктуарый таксама мабілізаваў больш святароў, якія дзяжураць у канфесіяналах і спавядаюць на многіх мовах свету.

Лурд, які штогод наведвае каля 6 мільёнаў пілігрымаў, з'яўляецца найбуйнейшым каталіцкім санктуарыем у Еўропе і трэцім у свеце пасля Гвадэлупы ў Мексіцы (каля 20 мільёнаў чалавек у год) і Апарэсіды ў Бразіліі (каля 13 мільёнаў чалавек у год).
 

15 жніўня 2024, 10:17