Пошук

Афіцыйныф сувеніры апостальскага падарожжа Францішка ў Сінгапур Афіцыйныф сувеніры апостальскага падарожжа Францішка ў Сінгапур 

У Сінгапуры поўным ходам ідзе падрыхтоўка да візіту Францішка

Засталося менш за 40 дзён да апостальскага падарожжа Папы ў Сінгапур. Колькасць жадаючых прыняць удзел у Святой Імшы на нацыянальным стадыёне перавысіла колькасць уваходных білетаў. Арганізатары плануюць дадатковы выпуск.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Архідыяцэзія Сінгапура вядзе маштабную падрыхтоўку да апостальскага падарожжа Францішка. Працуюць шматлікія камітэты, прыцягнуты валанцёры. Мясцовы Касцёл выпусціў афіцыйныя сувеніры: футболкі, парасоны, галаўныя ўборы, бутэлькі, вентылятары і малітоўныя наборы, якія можна набыць у Інтэрнэце і ў крамах.

5 ліпеня распачаў рэпетыцыі хор, які будзе спяваць падчас папскай Імшы на Нацыянальным стадыёне. Хор складаецца з 1600 спевакоў з розных парафій і каталіцкіх школ. У верасні да яго далучыцца духавы аркестр.

З канца красавіка камітэт па камунікацыі актыўна інфармуе грамадскасць пра візіт Святога Айца ў лічбавых і друкаваных СМІ.

Прымаюцца меры па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні папскага візіту. 21 ліпеня на стадыёне прайшло пасяджэнне камітэту, які займаецца пытаннямі бяспекі, дарожнага руху і медыцынскай дапамогі.

Колькасць жадаючых прыняць удзел у Святой Імшы 12 верасня перасягнула ўсе чаканні. Каб задаволіць высокі попыт, арганізатары дадалі яшчэ 6 тысяч месцаў, павялічыўшы агульную ўмяшчальнасць стадыёна да 48 600 чалавек. Агляд алтара і сцэны з дадатковых месцаў будзе абмежаваны, але наведвальнікі змогуць сачыць за ходам сустрэчы па відэаэкранах. Для тых, хто не зможа прысутнічаць на стадыёне, архідыяцэзія Сінгапура плануе правесці прамую YouTube-трансляцыю.

Святы Айцец наведае Сінгапур у рамках свайго апостальскага падарожжа ў Азію і Акіянію, якое адбудзецца 2-13 верасня 2024 года. Акрамя Сінгапура, ён пабывае таксама ў Інданезіі, Папуа-Новай Гвінеі, Усходнім Тыморы.

08 жніўня 2024, 11:59