Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Урачыстасць у гонар назарэтанак-мучаніц адзначылі ў Лідзе з удзелам біскупа Уладзіміра Гуляя. 4 верасня 2024 года ў парафіі святога Юзафа, Рамесніка, і благаслаўлёных назарэтанак-мучаніц з Навагрудка каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі цэлебраваў Эўхарыстыю. Ён падкрэсліў, што "мерай добрых адносін хрысціяніна да іншага чалавека заўсёды з’яўляецца ахвярная любоў, якая праяўляецца таксама і ў тым, каб прынесці ў ахвяру ўласнае жыццё". Парафіяне падарылі іерарху геральдычны рыцарскі шчыт з выявай яго біскупскага герба.
У Стоўбцах арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў пасвячэнне касцёла. 31 жніўня 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў свята з нагоды пасвячэння новазбудаванага касцёла святога Казіміра, які з’яўляецца самым высокім будынкам у 18-тысячным райцэнтры. Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі прамовіў гамілію, у якой падкрэсліў, што "тут аб’яўляецца веліч Бога, Езуса Хрыста, пакорліва схаванага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце". Пасля Імшы зладзілі канцэрт і пачастунак.
У Бялынічы з Магілёва выйшла пешая пілігрымка. 7 верасня 2024 года двухдзённае паломніцтва распачалося святой Імшой у магілёўскай катэдры. Вернікі скіраваліся на ўрачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі, якія пройдуць 8 верасня і якія ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскайі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Святу папярэднічае 40-гадзіннае набажэнства, на якое запрасілі гасцей з іншых мясцін Беларусі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узяў удзел у падрыхтоўцы канферэнцыі па новай евангелізацыі. 2 верасня 2024 года заслужаны іерарх наведаў Сапоцкін, дзе памаліўся разам са святарамі, якія перажываюць рэкалекцыі, і ўзначаліў арганізацыйную сустрэчу па падрыхтоўцы навуковай канферэнцыі аб новай евангелізацыі. На сустрэчы акрэслілі тэмы выступленняў, зацвердзілі праграму канферэнцыі, якая пройдзе ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Caritas у Нясвіжы правёў дабрачынную акцыю да навучальнага года. Фінал акцыі адбыўся 1 верасня, калі кожная шматдзетная сям’я парафіі Божага Цела атрымала падарунак, а для маленькіх вернікаў валанцёры парафіяльнага Caritas зладзілі інтэрактыўныя гульні. На працягу жніўня валанцёры збіралі ахвяраванні і канцылярскія прыналежнасці, на сабраныя грошы былі набытыя сертыфікаты ў кнігарню.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.