Пошук

Арцыбіскуп Бруселя Люк Тэрліндэн Арцыбіскуп Бруселя Люк Тэрліндэн  

Арцыбіскуп Бруселя пра выклікі і надзеі Касцёла ў Бельгіі

У чаканні візіту Папы ў Бельгію, арцыбіскуп Бруселя Люк Тэрліндэн падзяліўся сваімі думкамі пра стан мясцовага Касцёла. Ён адзначыў, што за апошнія дзесяцігоддзі краіна перажыла радыкальную секулярызацыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што ў 1968 годзе католікі складалі 98% насельніцтва Бельгіі. Сёння ж толькі кожны другі бельгіец атаясамлівае сябе з каталіцтвам. Аднак, нягледзячы на гэта, рэлігія зноў становіцца ўсё больш і больш прысутнай у краіне, хоць і па іншых прычынах – у сувязі з ростам значэння мусульманскай супольнасці.

“У нядзелю да касцёла прыходзяць ужо толькі тыя, хто любіць Хрыста і любіць Касцёл”

Тэрліндэн таксама адзначыў, што з моманту яго прызначэння на чале сталічнай архідыяцэзіі год таму, яго прыярытэтам стала місія і абвяшчэнне Евангелля, падтрымка жывых супольнасцей. Таму важна клапаціцца пра прыгажосць літургіі, бо яна таксама з'яўляецца сведчаннем для нашых сучаснікаў, брамай, праз якую яны прыходзяць да Касцёла.

“Мы павінны паказаць нашаму грамадству, што пасланне Евангелля па-ранейшаму жывое”

Арцыбіскуп Бруселя адзначыў, што Бельгія, куды прыедзе Францішак, з'яўляецца вельмі ліберальнай краінай. Тое, што Папа кажа пра эўтаназію ці аборты, для большасці мясцовага грамадства амаль непрымальна, бо галоўнай каштоўнасцю лічыцца асабістая свабода, у імя якой можна апраўдаць як эўтаназію, так і аборты.

“Я перакананы, што аднойчы сумленні загавораць, душыць голас сумлення заўсёды небяспечна”

Аднак Тэрліндэн падкрэсліў, што як душпастыр ён бачыць шмат пакут, якія часта хаваюцца. Ён заўважыў, што ў імя палітычнай карэктнасці часта не паважаецца свабода сумлення, а некаторыя тэмы былі выключаны з грамадскай прасторы.

"Я перакананы, што аднойчы сумленні загавораць, душыць голас сумлення заўсёды небяспечна", - сказаў іерарх. Ён прызнаў, што Касцёл у яго краіне не можа задавальняцца паўтарэннем пэўных прынцыпаў, бо гэта не даходзіць да людзей.

"Мы павінны паказаць нашаму грамадству, што пасланне Евангелля па-ранейшаму жывое, што дзякуючы яму мы жывём, што яно з'яўляецца крыніцай жыцця", - дадаў арцыбіскуп Бруселя.
 

24 верасня 2024, 10:35