Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Дыялог Святога Пасаду і Кітая – хрысціянскі рэалізм Папы

Пазіцыя Святога Айца ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай – гэта звычайны хрысціянскі рэалізм, - падкрэсліў Джані Валентэ, дырэктар інфармацыйнага агенцтва Fides.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас брыфінгу на борце самалёта па дарозе з Сінгапура і Рым, адказваючы на пытанне журналісткі Стэфаніі Фаласкі для кітайскага выдання Tianou Zhiku, Францішак выказаў задавальненне ходам дыялогу паміж Святым Пасадам і КНР, у тым ліку ў пытанні прызначэння біскупаў. Ён у чарговы раз выказаў жаданне наведаць Кітай, які назваў “надзеяй і абяцаннем для Касцёла”. І хоць дыялог з Паднябеснай і падпісанне Святым Пасадам часовага пагаднення не пазбаўлены крытыкі ў міжнароднай прэсе, пазіцыя Пантыфіка апраўдваецца апошнімі станоўчымі данымі, якія трэба разглядаць, беручы пад увагу цяжкасці, якія існавалі ў мінулым, - заўважыў Валентэ. На яго думку, пазіцыя Святога Айца – гэта звычайны хрысціянскі рэалізм.

Некаторыя даныя

Эксперт па сітуацыі Касцёла ў Азіі нагадаў, што з 22 верасня 2018 года, дня падпісання часовага пагаднення, усе каталіцкія біскупы ў КНР знаходзяцца ў поўнай еднасці з Папам. Больш не праводзяцца біскупскія пасвячэнні без папскай згоды, якія, пачынаючы з 1950-х гадоў, нанеслі сур’ёзную шкоду касцёльнай еднасці сярод кітайскіх католікаў.

За апошнія шэсць гадоў, пазначаных таксама фазай менш частых кантактаў паміж бакамі ў перыяд пандэміі, у Кітаі адбылося пасвячэнне дзесяці новых каталіцкіх біскупаў. У той жа час восем біскупаў, пасвячаных у мінулым па-за правіламі, устаноўленымі кітайскім апаратам, папрасілі і атрымалі публічнае прызнанне сваёй ролі з боку палітычных уладаў краіны (адзін з іх, пажылы Пётр Лінь Цзяшань, біскуп Фучжоў, памёр у красавіку 2023 года). Такім чынам, колькасць вакантных кітайскіх дыяцэзій паступова скарачаецца.

У апошнія гады групы католікаў з кантынентальнага Кітая ўдзельнічалі ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне, мелі магчымасць асабіста бачыць Папу ў Рыме, а таксама падчас яго апостальскіх візітаў у Тайланд, Манголію і Сінгапур. Некалькі кітайскіх біскупаў змаглі наведаць сустрэчы, канферэнцыі і іншыя касцёльныя падзеі ў краінах Еўропы і Амерыкі.

Узраслі магчымасці для пачатку працэсу паяднання ў касцёльных супольнасцях, якія былі падзелены на працягу дзесяцігоддзяў.

Скарб, які квітнее

Джані Валентэ перакананы, што пазіцыя Святога Айца адлюстроўвае рэальную карціну, якая звычайна ігнаруецца пры аналізе праблемы адносін паміж Кітаем і Апостальскай Сталіцай. Гэтыя рэальныя даныя з’яўляюцца компасам, якім кіруецца Біскуп Рыма і Святы Пасад, каб заставацца побач з кітайскімі католікамі і суправаджаць іх у тым кантэксце, у якім яны жывуць і сведчаць пра сваю любоў да Хрыста. Біскупы – пераемнікі апосталаў. Пагадненне з кітайскімі ўладамі аб прызначэнні біскупаў закранае глыбокую прыроду Касцёла з яго апостальскай місіяй і эклезіяльнымі ранамі, якія падзялілі духавенства і свецкіх, супольнасці і нават сем’і ў Кітаі ў апошнія дзесяцігоддзі.

Менавіта біскупы пасвячаюць святароў. Такім чынам пагадненне тычыцца таксама сапраўднасці і плённасці сакрамэнтаў, якія ўдзяляюцца ў парафіях і капліцах Кітайскай Народнай Рэспублікі. Гэта даброты, якія належаць да іншага парадку, чым распаўсюджанае ў апошні час іх прачытанне ў палітычным ключы.

Намер Папы і Святога Пасаду заключаецца не ў тым, каб забяспечыць вяршэнства палітычнага парадку. Яго задача – умацаваць братоў у веры, суцешыць і падтрымаць іх на шляху малітвы, абвяшчэння Евангелля, учынкаў міласэрнасці, у тым кантэксце, у якім яны апынуліся.

Як падкрэсліў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прапрэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі, у кантынентальным Кітаі “існуе жывая сетка малітоўных, літургічных, катэхетычных і пастырскіх ініцыятыў, непасрэдна натхнёных настаўніцтвам Папы. Гэта сетка ўплецена ў штодзённае касцёльнае жыццё паасобных кітайскіх дыяцэзій і каталіцкіх супольнасцей. Гаворка ідзе пра жыватворчую і моцную рэальнасць веры, якая жыве і выражае штодзённую еднасць у веры з Наступнікам Пятра і ўсім Каталіцкім Касцёлам, нават калі яна ў асноўным ігнаруецца сродкамі масавай інфармацыі, калі гаворыцца пра кітайскае каталіцтва”. Пры ўсіх цяжкасцях, якія вынікаюць з палітычнага і сацыяльнага кантэксту, звычайнае жыццё Касцёла ў Кітаі працягваецца і ў дыяцэзіях, якія зноў набываюць стабільнасць пасля доўгіх гадоў нявызначанасці і падзелаў, у выніку перамен, якія маглі адбыцца, і дзякуючы дыялогу, наладжанаму паміж Апостальскай Сталіцай і кітайскімі ўладамі.

Беручы пад увагу толькі некалькіх апошніх дзён, з навін Касцёла ў Кітаі вядома, што ў свята Нараджэння Панны Марыі біскуп Шанхая Джозэф Шэн Бін ахрысціў 41 катэхумена ў прысутнасці больш чым 2500 вернікаў. У дыяцэзіі Шаньтоў, з нагоды Свята сярэдзіны восені, якое будзе адзначацца 17 верасня, некалькі валанцёраў разам са сваім біскупам Джозэфам Хуанам Бін Чжанам наведалі рэабілітацыйны цэнтр для людзей, хворых на праказу, і прынеслі ім тыповыя для гэтага свята слодычы і рэчы, неабходныя хворым. Біскуп Бін Чжан, пасвячаны без папскага дазволу ў 2011 годзе, змог увайсці ў поўную еднасць са Святым Айцом у 2018 годзе, у кантэксце пагаднення аб прызначэнні біскупаў.

Джані Валентэ заўважыў, што справы і ўчынкі збаўлення і аздараўлення, могуць працягваць квітнець нават у сучасным Кітаі, а гэта скарб, які дарагі сэрцу Францішка, і знаходзіцца ў поўнай і суцяшальнай гармоніі з тым, што ўласціва sensus fidei большай часткі кітайскіх католікаў.

 

16 верасня 2024, 12:52