Папа Францішак па дарозе ў аэрапорт перад замежным візітам. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак па дарозе ў аэрапорт перад замежным візітам. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Францішак наведае Люксембург: на перыферыі веры

Папа 26 верасня 2024 года наведае з апостальскім візітам Вялікае Герцагства Люксембург. Дэвіз паездкі – Служыць (Pour servir), што адлюстроўвае місію Хрыста і Касцёла ў сучасным свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго дзевяцігадзіннага візіту ў краіну, Пантыфік закране шэраг важных тэм, уключаючы пытанні міру, міграцыі, культуры, адукацыі і секулярызацыі. Гэта будзе 46-я замежная паездка Францішка, падчас якой ён наведае таксама Бельгію. Варта адзначыць, што апошні раз Папа наведваў Люксембург у 1985 годзе – гэта быў Ян Павел II.

““Люксембург – гэта таксама перыферыя. Мы багатыя матэрыяльна, але бедныя духоўна”

Люксембург, самая маленькая краіна Еўрапейскага саюза, мае глыбокія хрысціянскія карані, якія сягаюць VI стагоддзя. Аднак сёння яна сутыкаецца з сур'ёзнымі выклікамі секулярызацыі і змяншэння ўплыву Касцёла на грамадства.

Кардынал Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга, падкрэслівае: "Люксембург – гэта таксама перыферыя. Мы багатыя матэрыяльна, але бедныя духоўна. Мы – матэрыялістычная краіна, большасць людзей верыць, што грошы надаюць жыццю сэнс. Але мы добра ведаем, што гэта не так".

“Візіт Папы – гэта надзея для Касцёла, лічба вернікаў якога скарачаецца”

Праграма візіту ўключае афіцыйную сустрэчу з Вялікім Герцагам Анры, прэм'ер-міністрам Люксембурга Люкам Фрыдэнам, а таксама прамову Францішка перад прадстаўнікамі ўрада, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Важным момантам стане адкрыццё Юбілейнага года Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, заступніцы горада і краіны Люксембург.

Касцёл у Люксембургу сутыкаецца з шэрагам праблем. Нягледзячы на тое, што каля 70 працэнтаў насельніцтва – ахрышчаныя католікі, колькасць практыкуючых вернікаў рэзка скарацілася за апошнія 50 гадоў. Касцёл страціў значную частку свайго грамадскага і палітычнага ўплыву.

“Вернікі шукаюць Бога і гатовыя прыняць Добрую Навіну”

Аднак, нягледзячы на выклікі, узнікаюць і новыя, абнадзейваючыя з'явы. Актыўна дзейнічае архідыяцэзіяльная душпастырская рада, з'яўляюцца новыя ініцыятывы, такія як дыяцэзіяльны праект для бежанцаў Reech eng Hand і нядаўна створаная Люксембургская школа рэлігіі і грамадства.

Кардынал Олерыш падкрэсліў: "Многія люксембуржцы шукаюць Бога і гатовыя прыняць Добрую Навіну. Таму існуе неадкладная патрэба ў абвяшчэнні Евангелля".

Візіт Папы Францішка ў Люксембург – гэта не толькі важная падзея для вернікаў і Касцёла, але і для ўсяго грамадства. Ён нясе ясную вестку чалавечнасці, эмпатыі і ўважлівасці да людзей у патрэбе – галоўныя элементы хрысціянскага паслання. Гэты візіт можа стаць новым імпульсам для абуджэння радасці веры і нагадвання пра хрысціянскія і гуманістычныя каштоўнасці, на якіх грунтуецца сучасны лад жыцця і дэмакратыя ў Еўропе.
 

25 верасня 2024, 10:51