Пошук

Папа Францішак і кардынал Джон Рыбат Папа Францішак і кардынал Джон Рыбат  (Vatican Media)

Кардынал Рыбат падвёў вынікі візіту Папы ў Папуа-Новую Гвінею

Зварот Святога Айца да моладзі Папуа-Новай Гвінеі быў адным з самых моцных падчас падарожжа ў гэту краіну, - лічыць кардынал Джон Рыбат, арцыбіскуп Порт-Морсбі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падчас сустрэчы з 10 тысячамі маладых людзей на сталічным стадыёне сэра Джона Гайза Францішак адклаў загадзя падрыхтаваны тэкст прамовы і звярнуўся да сваіх слухачоў “ад сэрца”. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат заўсёды ўздымацца пасля падзенняў і дапамагаць устаць іншым.

“Гэта было моцнае пасланне для іх: дапамагаць адзін аднаму, уставаць разам, не толькі шукаць дапамогі звонку, але таксама ўнутры сябе”, - сцвердзіў у каментары для Vatican News кардынал Рыбат.

Арцыбіскуп Порт-Морсбі падкрэсліў таксама важнасць іншых заклікаў Святога Айца: заставацца ў кантакце з бабулямі і дзядулямі, каб пераймаць ад іх спадчыну каштоўнасцяў і культуры, паважаць ролю жанчын у жыцці грамадства, сумленна выкарыстоўваць прыроднае багацце.

“Папа наведаў Ваніму, бачыў нашы лясы і рэсурсы, некаторымі з якіх злоўжываюць. Ён падкрэсліў, што гэтыя багацці павінны выкарыстоўвацца для развіцця краіны, для будавання сферы аховы здароўя і адукацыі”, - дадаў новагвінейскі іерарх, выказваючы спадзяванне на тое, што словы Папы дапамогуць аднавіць краіну.

Кардынал падкрэсліў, што візіт Святога Айца стаў моцным духоўным імпульсам для мясцовага Касцёла. Каб убачыць Наступніка святога Пятра многія вернікі здзейснілі сапраўдную пілігрымку, часам вельмі доўгую, складаную і небяспечную: некаторым давялося ісці сцежкамі, якімі калісьці праходзілі місіянеры. Для часткі вернікаў такія пілігрымкі працягваліся каля двух тыдняў і нават больш, - падзяліўся пастыр сталічнай архідыяцэзіі.
 

10 верасня 2024, 11:31