Пошук

Кардынал Сухар'ё і Папа Францішак Кардынал Сухар'ё і Папа Францішак  (Vatican Media)

Кардынал Сухар’ё пасля візіту Папы: мы прагнем расці ў веры

Найлепшым падагульненнем папскага візіту ў Інданезію з’яўляюцца тры словы, змешчаныя ў яго дэвізе: вера, братэрства і спагада – адзначыў у каментары для Vatican News кардынал Ігнацыюс Сухар’ё Харджоатмоджа, арцыбіскуп Джакарты.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Іерарх перакананы, што Францішак здолеў паказаць інданезійцам, што гэтыя словы азначаюць у розных кантэкстах іх жыцця. Ён адзначыў, што мясцовы Касцёл прапанаваў Папу гэты дэвіз, бо ён адлюстроўвае жыццё інданезійскіх католікаў.

“Мы ўсе прагнем узрастаць у нашай веры, а адным з найважней яе паказчыкаў з’яўляецца братэрства, плёнам якога ёсць спагада”, - патлумачыў кардынал.

Арцыбіскуп Джакарты адзначыў важнае значэнне сумеснай дэкларацыі аб рэлігійнай гармоніі дзеля дабра чалавецтва, якую Папа падпісаў разам з імамам Насарудзінам Умарам у мячэці Істыкляль.

“Пасля падпісання гэтага дакумента Вялікі імам сказаў мне, што нам неабходна сустрэцца і разам абмеркаваць, што трэба зрабіць, каб гэты тэкст не застаўся мёртвым, а стаў пачаткам вялікіх дзеянняў, якія прадпрымаюцца сумесна рознымі рэлігійнымі супольнасцямі Інданезіі”, - дадаў кардынал Харджоатмоджа.

Інданезійскі іерарх адзначыў, што пасланне, якое Папа скіраваў падчас свайго візіту, адрасавана не толькі католікам, а ўсім жыхарам архіпелагу. “У ім закладзены ўсе нашы жаданні і спадзяванні на будучыню: каб мы раслі ў веры, братэрстве і спагадзе”, - сцвердзіў арцыбіскуп Джакарты.
 

06 верасня 2024, 12:53