Кніга кардынала Уэле: пад няўтульным шатром сінадальнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прэзентацыя выдання, якое выйшла ў каталіцкім выдавецтве Cantagalli з Сіены, пройдзе 24 верасня 2024 года ў Рыме.
У кантэксце сінадальнасці Папа Францішак ініцыяваў працэс рэформ, накіраваны на стварэнне новай культуры дыялогу і кансультацый у Касцёле. Гэтай тэме прысвечана XVI Асамблея Сінода Біскупаў у Рыме. Другая і заключная сесія сходу пройдзе ў Ватыкане ў кастрычніку 2024 года.
Італьянская назва кнігі кардынала Уэле – Parola – Sacramento – Carisma (Слова – сакрамэнт – харызма) з падзагалоўкам Chiesa sinodale – rischi e opportunità (Касцёл сінадальны – пагрозы і магчымасці).
"Што чакае Касцёл сінадальны ў будучыні? Місіянерскае навяртанне ці разгубленасць? Гэта пытанні, якія задае сабе кожны ў той час, калі Божы народ чакае гэтага гістарычнага моманту пад няўтульным шатром сінадальнасці", - напісаў выдавец у анатацыі да прэзентацыі кнігі.
Кардынал Уэле, які паходзіць з Канады, больш за 12 гадоў, з чэрвеня 2010 года па красавік 2023 года, узначальваў Дыкастэрыю па справах біскупаў і быў адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Святога Айца. Францішак уключыў яго ў лік удзельнікаў абедзвюх сінадальных сесій у 2023 і 2024 гадах.