Пошук

Арцыбіскуп Энтані Фішэр (у цэнтры) Арцыбіскуп Энтані Фішэр (у цэнтры) 

Аўстралійскі іерарх: эўхарыстычны кангрэс прынясе багаты плён

54-ы Міжнародны эўхарыстычны кангрэс збярэ ўдзельнікаў у 2028 годзе ў аўстралійскім Сіднеі. Гаспадар будучага форуму арцыбіскуп Энтані Фішэр падзяліўся спадзяваннямі, якія ўскладае на будучы кангрэс.

Ян Глінскі

У інтэрв’ю для партала The Pillar іерарх заўважыў, што адна з праблем душпастырства ў яго краіне – гэта нізкі працэнт удзелу вернікаў у святых Імшах. Менш за дзесяць працэнтаў католікаў рэгулярна прыходзяць на літургію. Таму адна з мэтаў, якую ставіць перад сабой мясцовае духавенства, – “дапамагчы людзям сустрэць Хрыста ў Эўхарыстыі, даведацца, якім скарбам Ён з’яўляецца, якое значэнне Ён мае для іх жыцця, што Ён можа зрабіць у іх жыцці”.

“У маім горадзе жыве пяць-шэсць мільёнаў чалавек. Гэта пяць-шэсць мільёнаў патэнцыйных святых, – сказаў аўстралійскі арцыбіскуп. – Мы робім ужо шмат добрых спраў, але мы павінны зрабіць значна больш, каб гэтых пяць-шэсць мільёнаў сталі святымі”.

Арцыбіскуп Фішэр успрымае будучы кангрэс не як разавую падзею, але як працяглую праграму: “Тры гады падрыхтоўкі – гэта тры гады евангелізацыі і катэхезы вакол Эўхарыстыі. Потым будзе тыдзень падзей кангрэса, а пасля іх настане працяглы перыяд наступных дзеянняў, каб сапраўды сабраць з гэтага плады”.

Іерарх ўжо цяпер запрашае на форум душпастыраў і вернікаў з іншых краін, падкрэсліваючы значэнне супольнага святкавання веры ў сапраўднай прысутнасці Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, ва ўсім багацці розніц культур і моваў.

Арцыбіскуп Фішэр адзначыў, што Каталіцкі Касцёл у Аўстраліі прадстаўлены таксама ў шматлікіх усходніх абрадах, і таму эўхарыстычны кангрэс стане магчымасцю адкрыць для сябе прыгажосць літургіі ў розных традыцыях Каталіцкага Касцёла.
 

20 верасня 2024, 09:41