Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Біскупскае пасвячэнне, чуванне моладзі, адпусты – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі прыняў біскупскае пасвячэнне. 7 верасня 2024 года ў катэдральнай базыліцы ў Пінску адбылося біскупскае пасвячэнне Андрэя Зноскі. Галоўным пасвячаючым біскупам стаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч пры ўдзеле прадстаўнікоў беларускага епіскапату. Прадстаўнік Папы Францішка, які завяршае сваю місію ў Беларусі, падзякаваў усім біскупам і святарам, запэўніў, што палюбіў беларускі народ, а новаму біскупу пажадаў "у сваім служэнні будаваць масты і духоўныя сувязі паміж установамі і людзьмі, каб кожны мог дасягнуць збаўлення".

У Мінску з удзелам іерархаў адзначылі ўрачыстасць тытулу архікатэдры. 12 верасня 2024 года, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Марыі, адпустовую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Сярод тых, хто канцэлебраваў Эўхарыстыю, быў былы пробашч катэдры ксёндз Антоній Клімантовіч, які шмат зрабіў для адраджэння святыні. Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які прывітаў сабраных, у тым ліку і пілігрымаў з архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, якія здзейснілі пілігрымку па святынях Беларусі.

У Гудагаі адзначылі 260-годдзе прабывання цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай. 8 верасня 2024 года ў гэтым санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі святкавалі адпустовую ўрачыстасць Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якая сабрала вернікаў з розных куткоў Беларусі. Сёлета нагода была асаблівай — 260 гадоў знаходжання ў Гудагаі цудадзейнага абраза Маці Божай Шкаплернай. Столькі ж гадоў таму айцы кармэліты босыя распачалі тут сваё служэнне.

У Мінску прайшло начное чуванне для моладзі на пачатак навучальнага года. У ноч з 7 на 8 верасня ў касцёле на Залатой Горцы сабралася моладзь прыкладна з 20 розных парафій з усіх дыяцэзій. Чуванне пачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Юрый Санько. Звяртаючыся да евангельскага тэксту пра аздараўленне глуханямога чалавека, святар заахвоціў моладзь дазволіць Богу аздаравіць ад духоўнай глухаты і слепаты, у якую трапляе чалавек з-за грахоў. Чуванне працягнулася канферэнцыяй, набажэнствамі, малітоўнымі спевамі.

У Верхнядзвінску з удзелам біскупа Алега Буткевіча адзначылі 215-годдзе касцёла. 8 верасня 2024 года віцебскі ардынарый узначаліў адпуст у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў святыні, з часу пабудовы якой сёлета спаўняецца 215 гадоў. У касцёл прыбылі святары з суседніх парафій і прадстаўнікі свецкай улады, на ўрачыстасць былі таксама прывезены 16 спісаў цудадзейных абразоў Маці Божай, якія перэгрынуюць па Беларусі і за мяжой.

Сустрэча кансэкраваных асобаў узростам ад 40 гадоў адбылася ў Тракелях. 9-10 верасня 2024 года ў гэтым санктуарыі Гродзенскай дыяцэзі сабраліся 35 кансэкраваных асобаў. Тэмай сустрэчы, якая праходзіла ў межах праграмы пастаяннай фармацыі, сталі словы з Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў: "Калі трэба хваліцца, то буду хваліцца сваёю слабасцю". Манаскія асобы слухалі канферэнцыі, удзельнічалі ў набажэнствах і святой Імшы.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

14 верасня 2024, 08:10