Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Юбілеі, фэсты, благаслаўленне студэнтаў – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

У Ружанах распачалося святкаванне 100-годдзя заснавання Пінскай дыяцэзіі. 28 верасня 2024 года падчас святой Імшы асвяцілі адноўлены старадаўні арган у касцёле Найсвяцейшай Тройцы і адрэстаўраваную капліцу святога Казіміра. Таксама ў межах Ружанскага фэсту – гістарычная рэканструкцыя захавання рэліквій святога Казіміра, канцэрт праслаўлення ў Ружанскім замку.

75-годдзе біскупа Аляксандра Кашкевіча адзначылі ў Гродне. 23 верасня 2024 года ўрачыстую Эўхарыстыю з гэтай нагоды ўзначаліў у катэдры сам біскуп Гродзенскі – пры ўдзеле каад’ютара дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя, святароў, законных сясцёр, шматлікіх вернікаў. Яны выказвалі ўдзячнасць Богу за дар жыцця юбіляра, яго асобу і служэнне ў якасці першага біскупа Гродзенскага і дзякавалі яму самому. Таксама і біскуп Аляксандр падзякаваў духавенству, выбачыўся за памылкі і недасканаласці, прасіў не спыняць за яго малітву, адзначыўшы: "У гэты важны для мяне дзень хачу сказаць тры словы: дзякую, выбачаюся і прашу".

Студэнты ў Мінску атрымалі благаслаўленне на навучальны год. Пры парафіі святога Францішка Асізскага каталіцкая моладзь сталіцы ўвечары 26 верасня 2024 года зладзіла інтэграцыйную сустрэчу. Падчас святой Імшы святары ўдзялілі адмысловае благаслаўленне для моладзі, студэнтаў і іх заліковак. Пасля гэтага прайшла прэзентацыя моладзевых супольнасцяў з розных парафій і інтэграцыйная праграма. Першая сустрэча сталічнага душпастырства моладзі адбылася на тэму Пілігрымы надзеі – гэта дэвіз Юбілею 2025 Святога года.

У Лёзне католікі лацінскага і візантыйскага абрадаў разам зладзілі фэст у гонар святога Піо. 22 верасня 2024 года ўрачыстасць распачалася з Акафісту, які правёў айцец Аляксей Варанко, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага з удзелам парафіянаў сваёй супольнасці. Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз Сяргей Сурыновіч, пробашч парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску. У гаміліі ён падкрэсліў галоўныя рысы святога айца Піо: сціпласць, пакору, паслухмянасць, а таксама тое, як стылем свайго жыцця гэты манах абвяшчаў Евангелле.

У Навагрудку святкуюць 400-годдзе касцёла Арханёла Міхала. 28-29 верасня 2024 года з гэтай нагоды распрацавана шырокая праграма: гістарычныя чытанні, супольная малітва, падвядзенне вынікаў конкурса малюнка і віктарыны, тэатральная імпрэза, святая Імша і ўрачысты прыём. Таксама да юбілея касцёла пад Навагрудкам аднавілі 200-гадовую радавую капліцу на Слабодскіх могілках у Гарадзечне.

У Віцебску з’явіўся Францішканскі ордэн свецкіх. 22 верасня 2024 года ў парафіі святога Антонія з Падуі нарадзілася новая супольнасць, у якой пачалі духоўную фармацыю на этапе пастулата пяць сясцёр. Для прыняцця ў пастулат у Віцебск прыбыла сястра Казіміра Арол, якая з’яўляецца адказнай за супольнасць Трэцяга ордэна і здзяйсняе сваё служэнне на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай і Віцебскай дыяцэзій як адказная за фармацыю.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 верасня 2024, 09:09