Пошук

Біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена Біскуп Паола Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена  

Біскуп Марцінэлі: спыніць логіку помсты і шукаць шляхі прымірэння

Імкнуцца да таго, каб атрымліваць задавальненне ад сустрэчы з іншым, заклікаў Апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі. У інтэрв'ю Vatican News ён падзяліўся сваімі думкамі пра Сінод, міжрэлігійны дыялог і сітуацыю на Блізкім Усходзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Біскуп Паола Марцінэлі выказаў глыбокую занепакоенасць сітуацыяй у Емене, які ўжо дзесяць гадоў пакутуе ад грамадзянскай вайны. Блізкаўсходні канфлікт абвастрыў напружанасць у гэтай краіне. "Мы молімся, каб усё гэта скончылася і каб можна было пачаць будаваць ізноў, каб нарэшце можна было рэалізаваць праекты дабра, супольнасці, агульнага шляху. З такім узроўнем гвалту гэта немагчыма”, - сказаў Марцінэлі. Ён падкрэсліў неабходнасць спыніць логіку помсты і шукаць шляхі прымірэння.

Вікарый адзначыў важнасць як дыпламатыі, так і "сведчання народаў аб тым, што можна ісці разам, што рэлігіі з'яўляюцца ўнёскам у гуманізацыю свету і што іх нельга выкарыстоўваць у нацыяналістычных мэтах". Ён прывёў у прыклад комплекс у сваім рэгіёне, дзе побач пабудаваны касцёл, мячэць і сінагога.

Гаворачы пра Сінод, біскуп Марцінэлі падкрэсліў, што незалежна ад вынікаў, сам факт яго правядзення з'яўляецца значным. Сам факт узаемнага слухання і прызнання багацця адрозненняў з'яўляецца прыкладам для Касцёла і свету. На думку іерарха, тэма місіі Касцёла вельмі важная, бо яна дэманструе мэту сінадальнай працы. Сінадальнасць неабходна не сама па сабе, а для таго, каб са смірэннем перадаваць Евангелле, не навязваючы сваю веру, а з радасцю дзелячыся ёй, - сказаў францішканін.

Каментуючы нядаўняе падарожжа Францішка ў Азію і Акіянію, біскуп Марцінэлі адзначыў некаторае падабенства з апостальскімі візітамі на Аравійскі паўвостраў. Напрыклад, падпісаны ў Інданезіі дакумент паказвае, што шлях да братэрства паміж рэлігіямі працягваецца. Акрамя таго, “надзвычай захапляльнай” з’яўляецца ідэя разнастайнасці. "Ідэал жыцця не ў тым, каб пераадолець адрозненні з дапамогай аднароднасці, якая нас спрашчае, а ў тым, каб атрымліваць асалоду ад сустрэчы з іншым, таму што ён – іншы", - падкрэсліў Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена.

14 кастрычніка 2024, 10:40