Пошук

Біскуп Марыяна Крачата Біскуп Марыяна Крачата 

Епіскапаты краін ЕС: спыніць баявыя дзеянні на Блізкім Усходзе

Камісія біскупскіх канферэнцый Еўрапейскай супольнасці (COMECE) глыбока занепакоена сітуацыяй на Блізкім Усходзе і заклікае ўсе ўцягнутыя бакі да неадкладнага спынення агню.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння кожны дзень нясе ў сабе новую рызыку эскалацыі канфлікту па ўсім рэгіёне”, - гаворыцца ў заяве, апублікаванай 3 кастрычніка 2024 года за подпісам старшыні COMECE біскупа Марыяна Крачаты. У ёй падкрэсліваецца, што пад пагрозай знаходзяцца годнасць, жыццё і сродкі да існавання сотняў тысяч людзей.

З моманту трагічнага тэрарыстычнага нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года Блізкі Усход перажывае разбуральны гвалт, глыбокі гуманітарны крызіс і неспасцігальныя чалавечыя пакуты, заўважаецца ў заяве. Звяртаецца ўвага таксама на “небяспечную палітычную дынаміку ў рэгіёне, у якую залучаецца ўсё больш устаноў і асобных людзей”.

COMECE асуджае, сярод іншага, антысемітызм, радыкалізацыю і “акты гвалтоўнага экстрэмізму і тэрарызму”. Біскупы Еўропы таксама далучаюцца да заклікаў Папы да міру. “Мы заклікаем да неадкладнага спынення агню на ўсіх франтах і захавання міжнароднага гуманітарнага права. У прыватнасці, неабходна забяспечыць абарону грамадзянскага насельніцтва, бальніц, школ і месцаў рэлігійнага культу, а таксама вызваліць усіх закладнікаў”, - гаворыцца ў заяве.

Іерархі заклікалі Еўрапейскі саюз настойваць на дыялогу паміж бакамі канфлікту і зрабіць новыя дыпламатычныя намаганні для дасягнення рашэння аб існанні дзвюх дзяржаў паміж Ізраілем і палестынцамі з асаблівым статусам для Іерусаліма. “Мы заклікаем усіх людзей добрай волі далучыцца да закліку Папы Францішка правесці ў панядзелак 7 кастрычніка Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру”, - гаворыцца ў заяве за подпісам біскупа Марыяна Крачаты.
 

05 кастрычніка 2024, 10:55