Пошук

Кардынал Вілем Якабус Эйк Кардынал Вілем Якабус Эйк   (TilburgUniversity)

Рэформы і Евангелле. Галандскі кардынал пра будучыню Касцёла

Нідэрландскі кардынал Вілем Якабус Эйк выказаў сур'ёзную занепакоенасць тэндэнцыяй шукаць выратаванне Касцёла ў рэформах. У інтэрв'ю для часопіса Communio арцыбіскуп Утрэхта падзяліўся сваімі разважаннямі пра будучыню Касцёла і ўрокі мінулага.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што досвед Касцёла ў яго краіне павінен стаць урокам для ўсяго каталіцкага свету. "Нідзе Касцёл не быў такім прагрэсіўным, як у Нідэрландах. Сёння краіна цалкам секулярызаваная", - заўважае ён.

Замест рэформ, кардынал Эйк прапануе сканцэнтравацца на абвяшчэнні Евангелля і годным цэлебраванні літургіі. "У парафіях, дзе вера добра абвяшчаецца, а літургія цэлебруецца з годнасцю, касцёлы перапоўненыя," - сцвярджае ён.

Арцыбіскуп Утрэхта падкрэслівае важнасць глыбокага разумення Святога Пісання і навучання Касцёла. "Калі людзі адкрыюць у Хрысце чалавека і лепш зразумеюць Святое Пісанне, яны таксама лепш зразумеюць навучанне Касцёла," - тлумачыць кардынал Эйк.

Іерарх бачыць падабенства паміж сітуацыяй у Нідэрландах у канцы 1960-х гадоў і сучасным нямецкім так званым Сінадальным шляхам. Ён перасцерагае ад празмерных чаканняў ад рэформ, якія ў выніку могуць прывесці да расчаравання і далейшай секулярызацыі.

"Мы павінны ісці разам і не адыходзіць ад Паўсюднага Касцёла," - падкрэслівае кардынал Эйк, выступаючы супраць рэгіянальных рашэнняў у пытаннях, якія датычацца ўсяго Касцёла. Ён нагадвае, што Еўропа – толькі невялікая і змяншальная частка сусветнага Касцёла, і нават у Еўропе і Паўночнай Амерыцы не ўсе маюць аднолькавыя погляды адносна рэформ.
 

17 кастрычніка 2024, 09:45