Кардынал Кох пра сінадальнасць і будучыню Касцёла
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, у інтэрв'ю для партала communio.de падзяліўся сваімі думкамі напярэдадні другой сесіі Сінода Біскупаў па тэме сінадальнасці.
Кардынал Кох выказаў здзіўленне тым, што слова місія часта мае лепшы водгук па-за Касцёлам, чым унутры яго. Ён падкрэсліў, што місія з'яўляецца фундаментальнай задачай Касцёла, і Касцёл, які перастае місіянерстваваць, па сутнасці, адмаўляецца ад сваёй асноўнай функцыі.
Іерарх адзначыў, што канец еўрацэнтрызму ў Касцёле стварае як выклікі, так і магчымасці. Ён нагадаў пра гістарычны ўнёсак еўрапейскага Касцёла і падкрэсліў, што сёння, калі хрысціянства ў Еўропе перажывае крызіс веры, яно мае патрэбу ў духоўнай падтрымцы з боку Паўсюднага Касцёла.
Кох звярнуў увагу на неабходнасць адрозніваць ролю духавенства ад клерыкалізму, які ён назваў злоўжываннем даверанай місіі. Ён таксама адзначыў, што клерыкалізм можа быць уласцівы і свецкім асобам.
Прэфект выказаў меркаванне, што пытанне ролі жанчын у Касцёле не вырашана канчаткова і патрабуе далейшага ўважлівага разгляду.
Кардынал Кох падкрэсліў, што сінадальны працэс не можа быць самамэтай, а павінен весці да абнаўлення місіянерскай дзейнасці Касцёла. Ён таксама адзначыў, што працэс сінадальнасці павінен працягвацца і пасля завяршэння бягучага Сінода.
Іерарх звярнуў увагу на важнасць уключэння свецкіх і духоўных асоб з правам голасу ў сінадальны працэс і выказаў меркаванне, што гэта пытанне патрабуе далейшага вывучэння і, магчыма, інстытуцыяналізацыі.
Кардынал Кох выказаўся супраць магчымасці прыняцця рашэнняў па пытанні святарства жанчын на нацыянальным ці кантынентальным узроўнях, падкрэсліўшы, што гэта пытанне датычыць адзінства Касцёла ў цэлым.
Высокі прадстаўнік Рымскай курыі раскрытыкаваў ідэю нямецкага Сінадальнага шляху аб добраахвотным падпарадкаванні біскупаў рашэнням Сінадальнай рады, назваўшы яе "праблематычным спосабам мыслення, які не адпавядае каталіцкаму разуменню Касцёла”.