Кардынал Маркс за большы ўдзел нямецкіх вернікаў у набажэнствах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі, падчас восеньскага пленарнага пасяджэння Дыяцэзіяльнай рады, падкрэсліў неабходнасць актыўнага ўдзелу вернікаў у літургічным жыцці Касцёла.
Іерарх адзначыў важнасць стварэння ўмоў для цэлебрацыі літургіі на мясцовым узроўні, каб даць як мага большай колькасці людзей магчымасць сустрэчы з Хрыстом. Для гэтага, па яго словах, існуюць розныя шляхі падрыхтоўкі, напрыклад, добраахвотныя кіраўнікі набажэнстваў Слова Божага, якія таксама могуць раздаваць Камунію.
Кардынал Маркс выказаў сваю падтрымку такім ініцыятывам, падкрэсліваючы неабходнасць сведчання ўсіх вернікаў, у тым ліку ў літургічнай сферы.
Ён таксама закрануў пытанне жаночага дыяканату, выказаўшы меркаванне, што пытанне аб такім служэнні патрабуе далейшага абмеркавання на ўзроўні Паўсюднага Касцёла і заклікаў да цярплівасці.
Арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі падкрэсліў, што галоўнае – гэта цэлебрацыя сакрамэнтаў у парафіях. Ён папярэдзіў аб небяспецы "адвучвання" парафій ад Эўхарыстыі, называючы яе "сэрцабіццём Касцёла", і адначасова заклікаў выкарыстоўваць існуючыя магчымасці ў парафіях для гарантавання доступу вернікаў да святой Імшы.