Новы кардынал з Сербіі: Касцёлу ў Еўропе патрэбны дух служэння
Ян Глінскі
“Касцёл у Бялградзе вельмі шчаслівы. Гэта быў таксама пазітыўны шок для Сербіі”, – адзначыў венгерскі місіянер у інтэрв’ю для Vatican News. Як патлумачыў іерарх, мясцовая каталіцкая супольнасць настолькі невялікая, што “існуе страх” яе знікнення. “Гаворка не пра тое, што мы знікнем, бо каталікі застануцца. Але, калі іх колькасць большая, адчуваеш сябе бяспечней”, - дадаў арцыбіскуп, нагадаўшы пры гэтым пра важнасць “якасці супольнасцяў”.
Каментуючы пажаданне Папы адносна таго, каб кардынальскі тытул слуга (дыякан) усё больш і больш пераважаў над тытулам эмінэнцыя, іерарх падкрэсліў, што разумее яго як заклік рабіць большы акцэнт на служэнні і па-ранейшаму заставацца чалавекам.
“Для мяне быццё з людзьмі заўсёды мела надзвычайнае значэнне. Таму я захацеў стаць святаром і місіянерам. Проста, каб перадаваць пасланне Хрыста. Касцёл у Еўропе можа мець больш светлую будучыню, калі мы вернемся да духу служэння”, - дадаў новы кардынал.
Арцыбіскуп Бялграда-Смедэрэва падзяліўся таксама думкамі адносна свайго служэнне ў краіне, дзе пераважная большасць насельніцтва прыналежыць да праваслаўнай канфесіі. “З таго часу, як я стаў біскупам у Сербіі ў 2008 годзе, я пазбягаю слова “экуменізм”. Яно абцяжарана гістарычна. Лічу за лепшае казаць пра адзінства і супрацоўніцтва”, - сказаў ён.
“Цешуся вельмі, што Папа Францішак падчас апошняй экуменічнай малітвы казаў не пра экуменізм, а пра імкненне да супольнай мэты. Ён не апісаў гэтай мэты, але ў нас ёсць мэта, якою з’яўляецца адзінства”, - дадаў іерарх.
Кардынал-намінант заўважыў, што ў сербскім грамадстве важнае значэнне мае гасціннасць і яна выражаецца таксама ў адносінах паміж канфесіямі. “Важна, каб мы наведвалі адзін аднаго і ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях, нават калі мы не молімся разам. Але наша прысутнасць заўсёды бачная. Патрыярх на нашых мерапрыемствах заўсёды ў першым радзе, а я ў першым радзе ў яго. Гэта форма прызнання”, - сказаў ён.
Арцыбіскуп заўважыў, што не ўсе ў Сербіі задаволены ідэяй адзінства, а католікі часта ўсё яшчэ ўспрымаюцца як ерэтыкі. У той жа час арцыбіскуп Бялграда ўказаў на добрыя і адкрытыя адносіны з новым праваслаўным Патрыярхам: “Ён дзесяць гадоў жыў у Заграбе і Любляне і ведае, што значыць быць у меншасці”.
Арцыбіскуп Бялграда-Смедэрэва Ладзіслаў Нэмэт, місіянер-вербіст, член прэзідыума Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ) атрымае інсігнію кардынальскай годнасці падчас кансісторыя ў Ватыкане, які запланаваны на 7 снежня 2024 года.