Папскі фонд: пераслед хрысціян перавысіў ранейшыя паказчыкі
Ян Глінскі
Паводле вынікаў даследавання, якое праводзілася ў васемнаццаці “ключавых” краінах, пераслед хрысціян у свеце значна ўзрос і перавысіў усе ранейшыя паказчыкі. Пра гэта сведчаць таксама вынікі даследаванняў і іншых устаноў, як напрыклад, Pew Research Centre.
Як нагадала Рэгіна Лінч, дырэктар фонду Дапамога Касцёлу ў патрэбе, арганізацыя аказвае дапамогу пацярпелым ад пераследу ў трох фарматах: матэрыяльная падтрымка, малітва і распаўсюджванне інфармацыі на тэму сітуацыі хрысціян у свеце праз публікацыю дакладаў “Пераследаваныя і забытыя”, а таксама “Справаздачы аб рэлігійнай свабодзе”. Па словах Лінч, дапамога пераследаваным – гэта не проста абарона асноўных правоў і годнасці чалавека, але і салідарнасць з тымі, хто церпіць за веру ў Хрыста.
У справаздачы адлюстраваны маштаб і разнастайны характар дзеянняў, накіраваных супраць хрысціян: арышты і абвінавачванні ў блюзнерстве супраць іншых рэлігій, ілжывыя сведчанні супраць хрысціян, прымусовыя перасяленні і дэпартацыі, спусташэнне і канфіскацыі месцаў культу, прымусовыя навяртанні і сужэнствы, выкраданні і запалохванні, стаўленне да хрысціян як да ворагаў краіны, забарона пераходу ў хрысціянства, прымяненне падвойных прававых стандартаў з больш жорсткімі прадпісаннямі ў адносінах да вызнаўцаў Хрыста. Аўтарамі згаданых дзеянняў з’яўляюцца дзяржаўныя і грамадскія ўстановы, прыватныя групы, рэлігійныя экстрэмісты, а таксама злачынныя групоўкі.
Са статыстычных даных вынікае, што найбольш інтэнсіўны пераслед хрысціян перамясціўся з Блізкага Усходу ў краіны Афрыкі. У Сірыі, дзе да 2011 года пражывала больш за 1,5 мільёна паслядоўнікаў Хрыста, цяпер налічваецца каля 250 тысяч. У Іраку на сёння колькасць ахрышчаных складае ўсяго 0,5% насельніцтва. У Буркіна-Фасо з-за рэлігійнага пераследу кожны дзясяты жыхар быў вымушаны перасяліцца.
У справаздачы адзначаецца, што міграцыя хрысціян і пазбаўленне іх грамадзянскіх правоў “ставіць пад пытанне доўгатэрміновае выжыванне Касцёла ў ключавых рэгіёнах”.