Пошук

Cанктуарый Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Парэ-ле-Маніяль Cанктуарый Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Парэ-ле-Маніяль  (© Sanctuaire du Sacré-Cœur)

Рэктар французскага санктуарыя: Dilexit nos – сінтэз пантыфікату

Айцец Эцьен Керн, рэктар санктуарыя Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Парэ-ле-Маніяль (Францыя), падзяліўся сваімі ўражаннямі ад энцыклікі Dilexit nos.

Марыя Валодзіна - Vatican News

"Мы жадалі публікацыі гэтага дакумента, але не чакалі яго, а ён з'явіўся, і гэта энцыкліка. І якая энцыкліка! Якая шырыня, які зварот да традыцыі, да настаўніцтва, да Святога Пісання, да духоўных аўтараў ва ўсёй іх разнастайнасці! Скарб, які Папа ўручыў вернікам у выглядзе гэтай энцыклікі, з'яўляецца для нас вялікай ласкай”, - зазначыў айцец Керн.

Актуальнасць паслання ў сучасным свеце

Францішак папярэджвае аб тым, што наша спажывецкае, "вадкае", грамадства забылася пра пяшчоту сэрца. “Калі Пан наракае на няўдзячнасць і абыякавасць, магчыма, Ён кажа пра нашу эпоху, якая з'яўляецца эпохай няўдзячнасці, абыякавасці да Бога і, як вынік, да нашых братоў. Сацыяльныя сувязі парушаюцца, і таму, калі Пан паказвае сваё лагоднае і пакорлівае сэрца, ён заклікае да свайго роду сацыяльнага цуду", - сказаў рэктар санктуарыя Сакрэ-Кёр.

Шлях да аднаўлення параненых сэрцаў

Айцец Керн падкрэсліў аздараўляльны аспект адданасці Святому Сэрцу: "Людзі маюць патрэбу знайсці суцяшэнне ў Сэрцы Хрыстовым, знайсці спакой у Сэрцы Езуса, адчуць, што Бог суцяшае, лечыць, аднаўляе. Таму што Бог гэта робіць. І мы з'яўляемся сведкамі гэтага аднаўлення і пакорліва ўваходзім у гэты рух аднаўлення, займаючы сваё месца і дазваляючы Богу дзейнічаць у сэрцах з сілай і магутнасцю".

Місійны імпульс

Як у сузіральным жыцці ў кляштарах, так і ў сацыяльным або палітычным жыцці, "неабходна вярнуцца да сэрца, знайсці цэнтр, які аб'ядноўвае нас як хрысціян і звязвае нас адзін з адным, каб разам выконваць місію," - лічыць айцец Керн. "Мне здаецца, што энцыкліка Папы Францішка адыгрывае гэтую ролю аб'яднаўчага цэнтра, сінтэзу, які надае дынамізм, дазваляе радавацца і адпраўляе ў місію."

Ключ да разумення пантыфікату

Айцец Керн лічыць, што "гэтая энцыкліка з'яўляецца ключом да пантыфікату. Магчыма, некаторыя людзі лічаць вучэнне Папы Францішка вельмі палітычным ці сацыяльна заангажаваным. Папа кажа: усё гэта мае сэнс, але вы можаце зразумець яго, толькі калі ў вас ёсць ключ. Ключ у тым, што Езус – лагодны і пакорны сэрцам, рухомы спачуваннем да натоўпу, як да авечак без пастыра. Вось што гаворыць нам Папа, і гэта тое, што можа заахвоціць нас і, магчыма, прымірыць з ім, асабліва тых, хто крыху дэстабілізаваны настаўніцтвам Папы Францішка".

Роля Францыі ў кульце Найсвяцейшага Сэрца Езуса

У сваёй энцыкліцы Папа цытуе многіх французскіх святых і духоўных аўтараў. "Гэта амаль правакацыя для нас, французаў: "Францыя, што ты зрабіла з Сэрцам Езуса?”. Бо гэтая адданасць была ўскладзена на нас асаблівым чынам”, - адзначыў рэктар санктуарыя ў Парэ-ле-Маніяль, дзе пахавана святая Маргарыта Марыя Алакок, заснавальніца культу Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

“Магчыма, нам варта нанова засвоіць тое, аб чым мы крыху забыліся. Сёння здаецца, што Папа зноў адкрывае калодзежы, якія ў апошнія дзесяцігоддзі былі крыху засыпаны пяском. Цяпер калодзеж чысты: прыходзьце піць з жывых крыніц. Там скарб, які патрэбны нам як Касцёлу, таму што свет павінен палаць. Гэтая энцыкліка – агонь, бо кажа пра агонь Сэрца Езуса", - лічыць айцец Керн.

28 кастрычніка 2024, 14:34