Пошук

Ксёндз Ежы Папялушка Ксёндз Ежы Папялушка 

Спадчына ўсяго Касцёла: рымскі форум пра ксяндза Папялушку

19 кастрычніка 2024 года споўніцца 40 гадоў з дня выкрадання і мучаніцкай смерці благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі – польскага святара, капелана варшаўскага аддзялення прафсаюза Салідарнасць, забітага супрацоўнікамі службы дзяржаўнай бяспекі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

З нагоды памятнай даты ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме прайшла навуковая канферэнцыя, арганізаваная ў супрацоўніцтве з Цэнтрам дакументацыі і вывучэння пантыфікату Яна Паўла ІІ ў Рыме, Польскім інстытутам нацыянальнай памяці і каталіцкім штотыднёвікам Gość Niedzielny.

Форум адкрыў пасол Польшчы пры Святым Пасадзе Адам Квяткоўскі, які падкрэсліў, што “жыццё і дзейнасць благаслаўлёнага ксяндза Папялушкі нагадваюць нам пра важнасць імкнення да праўды нават перад абліччам самых цяжкіх выпрабаванняў”.

Падчас канферэнцыі была асаблівым чынам адзначана важнасць святых Імшаў, якія ксёндз Папялушка рэгулярна цэлебраваў пасля абвяшчэння ваеннага стану ў Польшчы. Падкрэслівалася, што ўдзельнікі гэтых цэлебрацый называлі іх “дзвюма гадзінамі свабоды”.

Многія сведчанні паказваюць, што малітвы, якія ўзносіў ксёндз Ежы, прыводзілі да сапраўднага духоўнага аздараўлення ад страху, нянавісці да ўладаў і жадання помсты. Гаміліі, якія святар прамовіў падчас гэтых цэлебрацый – гэта summa яго навучання, - заўважыла гісторык Эва Чачкоўска. Яна нагадала, што ксёндз Папялушка імкнуўся перамяніць людзей і свет не шляхам “барацьбы, гвалту і нянавісці, а праўды, дабрыні і любові”.

Удзельнікі форума неаднаразова падкрэслівалі, што сведчанне і мучаніцтва ксяндза Папялушкі – гэта не толькі “польская справа”, а спадчына ўсяго Касцёла, бо яго пасланне, выражанае ў вельмі простых словах, застаецца актуальным да сённяшняга дня і не толькі ў Польшчы. Адзначалася, што сімвалічным знакам гэтай “паўсюднасці” ксяндза Ежы з’яўляецца прысутнасць яго рэліквій у рымскім санктуарыі навамучанікаў – базіліцы святога Барталамея на Тыберынскім востраве.

Працэс беатыфікацыі ксяндза Ежы Папялушкі распачаўся ў 1997 годзе. У 2009 годзе Бэнэдыкт XVI аўтарызаваў Кангрэгацыю па справах кананізацыі абнародаваць дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва гэтага святара. Ксёндз Папялушка быў урачыста абвешчаны благаслаўлёным падчас святой Імшы, якая прайшла 6 чэрвеня 2010 года ў Варшаве. У 2014 годзе распачаўся яго кананізацыйны працэс.
 

17 кастрычніка 2024, 11:52