Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Віцебская дыяцэзія адзначыла срэбны юбілей. 13 кастрычніка 2024 года ва ўрачыстасці ў мясцовай катэдры прыняў удзел Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока. Ён сцвердзіў, што "падзея мае значнасць не толькі для Віцебскай дыяцэзіі, але і для ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі", бо "гэта не толькі гістарычны факт, але сведчанне жывога Касцёла, веры людзей, якія на працягу стагоддзяў ахвяравалі час, сэрца, намаганні, цярпенні, малітвы на пабудову Божага Касцёла, да ўмацавання веры на гэтай шматпакутнай, але вернай і мужнай Віцебскай зямлі".
Дзеці з Беларусі прынялі ўдзел у сусветнай малітоўнай акцыі. 18 кастрычніка 2024 года маленькія беларускія вернікі далучыліся да ініцыятывы Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы, арганізаванай Папскім фондам Дапамога Касцёлу ў патрэбе. Дзеці з беларускіх дыяцэзій ужо пяты раз удзельнічалі ў акцыі. Сёлетняя малітва злучыла маленькіх вернікаў у розных марыйных санктуарыях Беларусі. У прыватнасці, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі месцам правядзення набажэнства стаў санктуарый Маці Божай Фацімскай у Жодзіне.
У Гродне адбылася Імша падзякі за служэнне біскупа Аляксандра Кашкевіча. 19 кастрычніка 2024 года Эўхарыстыю ў катэдры з гэтай нагоды ўзначаліў сам біскуп эмерыт. Новы ардынарый біскуп Уладзімір Гуляй запрасіў духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў супольна падзякаваць за асобу і служэнне біскупа Аляксандра, адзначыўшы, што яго больш чым 33-гадовае служэнне, "якое ён выконваў з вялікай стараннасцю, руплівасцю і асабістай адданасцю, упісалася залатымі літарамі ў найноўшую гісторыю Касцёла на Гродзеншчыне".
У Пінску дзякавалі за служэнне біскупа Казіміра Велікасельца. 15 кастрычніка 2024 года ў катэдральнай базыліцы адбылася сустрэча духоўных і кансэкраваных асобаў, падчас якой Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока абвясціў аб змене статуса біскупа Казіміра. Найстарэйшы беларускі іерарх, які служыў як дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, стаў біскупам эмэрытам. Цэлебрацыю святой Імшы падзякі Богу за шматгадовае служэнне на пасадзе дапаможнага біскупа ўзначаліў сам заслужаны іерарх.
У гудагайскім санктуарыі памаліліся за ўсіх маці. 13 кастрычніка 2024 года ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай цэлебравалі Эўхарыстыю за жанчын-маці напярэдадні іх свята, якое адзначаецца ў Беларусі. Молячыся, вернікі прасілі для ўсіх маці шчодрых Божых дароў і сіл, патрэбных для выканання штодзённых абавязкаў, а найперш для выхавання новых пакаленняў. У канцы літургіі дзеці выказалі віншаванні сваім мамам.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.