Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Інгрэс, пасвячэнне касцёла, талака, сустрэча моладзі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Новы біскуп Гродзенскі афіцыйна распачаў сваё служэнне. 26 кастрычніка 2024 года адбыўся інгрэс біскупа Уладзіміра Гуляя – яго ўрачысты ўваход у катэдральны касцёл. Ардынарый выказаў надзею, запрашаючы вернікаў да ўдзелу ў гэта падзеі, што яна "ўмацуе наша адзінства ў Хрысце, праз заступніцтва Найсвяцейшай Марыі Панны Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і святых апекуноў дыяцэзіяльнай супольнасці: святога каралевіча Казіміра і святога Максімільяна Марыі Кольбэ".

У Брэсце грэка-католікі адзначылі ўспамін святога Яна Паўла ІІ. 22 кастрычніка 2024 года Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек адслужыў Боскую Літургію і ў казанні падкрэсліў, што ў служэнні і вучэнні святога Папы тэма еднасці Царквы, захавання для Паўсюднай Царквы каштоўнай спадчыны хрысціянскага Усходу займала надзвычай важнае месца. Паводле іерарха, на пантыфікат Папы Яна Паўла ІІ прыйшлося адраджэнне Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, у тым ліку і Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

Пад Навагрудкам праходзіць талака па расчыстцы руінаў касцёла. 25-26 кастрычніка 2024 года валанцёры працуюць каля вёскі Суляцічы, дзе быў пабудаваны ў пачатку ХІХ стагоддзя касцёл ва ўнікальным для Беларусі егіпецкім архітэктурным стылі, а ў гады ваяўнічага атэізму быў зруйнаваны. Талака ладзіцца сумесна з валанцёрамі з розных куткоў Беларусі і пры падтрымцы каманды Радыё Марыя.

У Баранавічах біскуп Пінскі пасвяціў новы касцёл. 19 кастрычніка 2024 года, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Яна Паўла ІІ, біскуп Антоні Дзям’янка здзейсніў пасвячэнне касцёла ў гонар гэтага святога Папы. Святыня стала першай у Беларусі з такім тытулам. У гаміліі ардынарый заахвоціў цаніць асаблівы Божы дар, якім з’яўляецца парафіяльны касцёл – месца асаблівага яднання чалавека з Богам, напаўлення Яго ласкамі ў святых сакрамэнтах і супольных набажэнствах.

У Мінску адзначылі 35-годдзе біскупскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. 19 кастрычніка 2024 года ў катэдральным касцёле адбылася святая Імша падзякі Богу з гэтай нагоды. Арцыбіскупа эмэрыта ад імя Апостальскай нунцыятуры павіншаваў ксёндз Кшыштаф Сэрока. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў свайму папярэдніку "за прыклад крочання за Панам не толькі праз дасягненні і трыумфы, але таксама і праз цярпенні, хваробу, можа, нават і самотнасць цяпер". "Аднак не нашае, а Божае Валадарства мы абвяшчаем і набліжаем", – сказаў Мітрапаліт у адрас заслужанага іерарха.

У Брэсце праходзіць сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі. 26 кастрычніка 2024 года пасля Эўхарыстыі ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа групы моладзі прэзентуюць свае парафіі, удзельнічаюць у канферэнцыі і інтэграцыйных мерапрыемствах. У праграме таксама адарацыя з магчымасцю споведзі.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

26 кастрычніка 2024, 11:05