Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасвяціў абраз у Залатагорскай святыні ў Мінску. Ва ўрачыстасць Усіх святых, 1 лістапада 2024 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) з нагоды 160-годдзя яго пабудовы і пасвяціў абраз у цэнтральным алтары святыні. Новы абраз стварыў залатагорскі парафіянін, вядомы скульптар і мастак Валяр’ян Янушкевіч, аўтару сучаснага інтэр’ера адроджанай святыні.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў у Гродне 35-годдзе біскупскага служэння. З гэтай нагоды 27 кастрычніка 2024 года ў катэдры арцыбіскуп-эмерыт цэлебраваў Імшу падзякі Богу разам з біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем і біскупам-эмерытам Аляксандрам Кашкевічам. Як падкрэсліў у гаміліі юбіляр, яго біскупскае служэнне распачалося менавіта ў гродзенскай катэдры, таму тут ён пажадаў выказаць падзяку за малітвы ў яго інтэнцыі ў спрыяльныя часы і ў часы выпрабаванняў. Дадаючы, што біскуп таксама можа памыляцца, іерарх перапрасіў за недахопы ў яго служэнні, папрасіў маліцца аб Божым благаслаўленні на яго далейшую дзейнасць.
У Вішневе адзначылі парафіяльную ўрачыстасць з удзелам біскупа Андрэя Зноскі. 27 кастрычніка 2024 году іерарх узначаліў адпуст у парафіі святога Юды Тадэвуша і святкаванне 20-годдзя служэння пробашча – столькі часу душпастырам супольнасці з’яўляецца ксёндз Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі. Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі прыбыў, каб павіншаваць парафіянаў і святара – свайго аднакурсніка па семінарыі ў Гродне і сябра па жыцці.
Дыяцэзіяльнае спатканне груп Апостальства дапамогі душам чысцовым адбылося ў Лепелі. 26 кастрычніка 2024 года ў мясцовым касцёле прайшла трэцяя сустрэча груп Апостальства, якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі. Канферэнцыю прамовіў пробашч з Дзеркаўшчыны ксёндз Валерый Орсік, які даў падказкі як дапамагаць душам чысцовым. Паводле яго, найперш – гэта святая Імша ў інтэнцыі душы. Не менш важнымі формамі з’яўляюцца духоўнае і фізічнае цярпенне за душу, ружанцовая малітва, набажэнства Крыжовай дарогі, адпусты, міласціна і добрыя ўчынкі.
У Мінску прайшла сустрэча з даследчыцай творчасці беларускіх ксяндзоў-літаратараў. 30 кастрычніка 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч распавяла пра асобы і творчасць такіх святароў, як Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), Андрэй Зязюля (Аляксандр Астрамовіч). Сустрэча праходзіла пры экспазіцыі З Богам для Беларусі, прысвечанай ахвярнаму служэнню святароў у першай палове ХХ стагоддзя.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.