Пошук

Падчас ватыканскай прэзентацыі дзён, прысвечаных Яну Паўлу II у папскіх універсітэтах Рыма. 26.11.2024 Падчас ватыканскай прэзентацыі дзён, прысвечаных Яну Паўлу II у папскіх універсітэтах Рыма. 26.11.2024  (foto ks. Paweł Rytel-Andrianik)

Дні святога Яна Паўла II у папскіх універсітэтах Рыма

Папскія ўніверсітэты Рыма прымуць канферэнцыі, прысвечаныя спадчыне святога Яна Паўла II. Ініцыятыва рэалізуецца 26-29 лістапада 2024 года і аб'ядноўвае выбітных навукоўцаў з усяго свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Праект быў распрацаваны Ватыканскім фондам Яна Паўла II, Папскім універсітэтам Яна Паўла II у Кракаве і Касцёлам і шпіталем святога Станіслава ў Рыме пад патранатам Дыкастэрыі па культуры і адукацыі.

"Сённяшняя моладзь не мела магчымасці асабіста пазнаць яго асобу і тое, як ён прамаўляў. Яны не адчулі тых эмоцый, якія суправаджалі нас, калі ён быў сярод нас", - падкрэсліў ксёндз Павел Пташнік, старшыня Ватыканскага фонду Яна Паўла II.

"Дні святога Яна Паўла II з'яўляюцца яшчэ адной нагодай для сумеснага разважання над яго спадчынай, паглыблення і адаптацыі да сучаснасці", - адзначыла сястра Мэры Анжэла Вулкерс з Бюро па сувязях з грамадскасцю Папскага ўніверсітэта святога Тамаша Аквінскага.

Праграма мерапрыемстваў ахоплівае тры папскія ўніверсітэты і ўключае канферэнцыі на англійскай і італьянскай мовах. Сярод тэм – дыялог навукі і веры, культура як агульнае дабро кожнага народа, а таксама асэнсаванне энцыклікі Fides et ratio праз 25 гадоў пасля яе публікацыі.

Сярод выбітных дакладчыкаў – прафесар Рычард Суінберн з Оксфардскага ўніверсітэта, лаўрэат Прэміі Ратцынгера, прафесар Ханна-Барбара Герл-Фалкавіц, былая прэм'ер-міністр Польшчы Ханна Сухоцкая і былы прэс-сакратар Святога Пасада, ксёндз Федэрыка Ламбардзі.
 

27 лістапада 2024, 09:15