Пошук

Кардынал Вілем Эйк Кардынал Вілем Эйк  (TilburgUniversity)

Прымас Нідэрландаў: захаваць традыцыйнае вучэнне аб сям'і

У Кракаве падчас III Міжнароднага кангрэса па пытаннях шлюбу і сям'і кардынал Вілем Эйк падкрэсліў неабходнасць захавання каталіцкага вучэння аб сужэнскай маральнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прымас Нідэрландаў падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл застаецца практычна адзінай установай у свеце, якая падтрымлівае класічную канцэпцыю сужэнства і традыцыйныя каштоўнасці ў галіне сексуальнасці. "Сутнасць вучэння Касцёла ў тым, што існуе цесная сувязь паміж шлюбам, сексуальнымі адносінамі і працягам роду", - адзначыў ён.

Кардынал звярнуў увагу на тое, што з 1960-х гадоў, калі з'явіліся гарманальныя сродкі кантрацэпцыі, адбылося масавае аддзяленне сужэнства, сексуальных адносін і працягу роду. Сітуацыю ўскладніла секулярызацыя грамадства.

На думку іерарха, росквіт дабрабыту прывёў да індывідуалістычнай культуры, дзе кожны выбірае ўласную філасофію жыцця і ўласныя каштоўнасці. Радыкальны фемінізм і гендарная тэорыя яшчэ больш ускладняюць сітуацыю.

Спасылаючыся на досвед Нідэрландаў, дзе толькі 2,5 працэнта католікаў наведваюць нядзельныя набажэнствы, кардынал Эйк падкрэсліў, што спробы прыстасаваць касцельнае вучэнне да сучасных грамадскіх паглядаў не прыносяць плёну.

Аднак іерарх бачыць і станоўчыя знакі: маладыя людзі, якія просяць аб прыняцці ў поўную еднасць з Касцёлам праз хрост і канфірмацыю, схільныя прымаць усю каталіцкую дактрыну цалкам.

Кангрэс праходзіць у Кракаве з 13 па 15 лістапада 2024 года пад дэвізам "Нараджэнне, а не адзінота, упісана ў быццё чалавека як асобы" – гэта словы нядаўна памерлага прафесара Станіслава Грыгеля.
 

15 лістапада 2024, 11:21