Пошук

Маці Божая ў фацімскім санктуарыі Маці Божая ў фацімскім санктуарыі  (AFP or licensors)

Фацімскі санктуарый: новы год з анлайн-сустрэчамі і выставамі

Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у Фаціме ўваходзіць у новы душпастырскі год з пашыранай прысутнасцю ў інтэрнэце і новымі культурнымі ініцыятывамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рэктарат плануе працягваць серыю анлайн-сустрэч, якія пачаліся ў кастрычніку 2024 года. Падчас іх удзельнікі дзеляцца сведчаннямі сваёй веры і досведам успрымання фацімскага паслання.

"Мы хочам, каб у гэтых сустрэчах удзельнічалі як духоўныя асобы, так і свецкія вернікі", - падкрэслівае Дыёга Алвеш з прэс-службы партугальскага марыйнага санктуарыя.

Новы душпастырскі год у Фаціме будзе адзначаны шэрагам выстаў. Першая з іх – "Служыць – адзіная малітва" – прысвечана валанцёрам, якія падтрымліваюць дзейнасць санктуарыя. Асаблівая ўвага надаецца Саюзу Слуг Маці Божай Фацімскай, вядомаму як Сервіты, заснаванаму ў 1924 годзе.

"Наша місія – служыць пілігрымам, асабліва тым, хто мае абмежаваныя магчымасці", - распавядае адзін з валанцёраў арганізацыі. Сёння больш за 250 валанцёраў-сервітаў рэгулярна служаць у санктуарыі, дапамагаючы пілігрымам і аказваючы ім медыцынскую дапамогу пасля доўгага падарожжа.

Новыя ініцыятывы санктуарыя накіраваны на тое, каб зрабіць фацімскае пасланне больш даступным для вернікаў ва ўсім свеце, спалучаючы традыцыйныя формы душпастырства з сучаснымі сродкамі камунікацыі.
 

30 лістапада 2024, 11:27