Кардынал Бусціё пра візіт Папы на Корсіку і значэнне традыцый
Марыя Валодзіна - Vatican News
Біскуп Ажаксьё адзначыў у інтэрв'ю, што візіт Францішка стане “выдатным калядным падарункам” для карсіканскага Касцёла, які ўспрыняў яго “не як прывілей, а як абавязак шанаваць мінулае і натхняць будучыню".
Асноўная мэта апостальскага падарожжа Папы на Корсіку – удзел у Кангрэсе па народнай рэлігійнасці ў Міжземнамор'і. Мерапрыемства накіравана на наладжванне дыялогу паміж біскупамі рэгіёнаў з агульнымі культурнымі і рэлігійнымі традыцыямі, такіх як Сіцылія, Сардзінія, Іспанія і Францыя. Яны будуць разглядаць народныя традыцыі не проста як фальклор, але і як магчымасць для евангелізацыі.
Народная рэлігійнасць і евангелізацыя
Карсіканскі біскуп лічыць, што асабісты ўдзел Папы прыцягне ўвагу да народных рэлігійных традыцый. На яго думку, традыцыі могуць стаць простым спосабам ажыццяўлення місіі Касцёла. Замест складаных маркетынгавых стратэгій ён прапануе звяртацца да традыцыйных форм сведчання веры. “Нам проста трэба выйсці на вуліцы, выказаць сваю адданасць Маці Божай ці якому-небудзь святому, праспяваць, ушанаваць яго памяць, прайсціся пешшу і проста засведчыць сваю веру”, - сказаў іерарх.
Па словах кардынала Бусціё, місія мае два аспекты: адзін больш складаны, які прадугледжвае разважанні і прыдатныя адказы, другі – больш просты – складаецца з народных традыцый, якія становяцца адпраўным пунктам для паглыблення веры. Гэта тэма і будзе ў цэнтры ўвагі кангрэса.
Касцёл на Корсіцы
Іерарх распавёў, што Касцёл на востраве цесна звязаны з каталіцкімі традыцыямі, якія захаваліся ў невялікіх супольнасцях і ўшаноўваюць святых, пакутнікаў і Маці Божую. Ён падкрэсліў важнасць не толькі знешняга захавання традыцый, але і глыбокага пражывання іх паслання, Евангелля. “Езус запрашае нас рызыкнуць і пайсці да людзей, і падчас сходаў мы сустракаемся з іншымі людзьмі, магчыма, з розных слаёў грамадства – правымі, левымі, сябрамі, ворагамі – усіх іх аб'ядноўвае вера”, - сказаў кардынал Бусціё.
На думку біскупа Ажаксьё, карсіканскія католікі адрозніваюцца ад католікаў-французаў на кантыненце тым, што пражываюць сваю веру больш спакойна. Ён падкрэсліў, што на Корсіцы склаліся добрыя адносіны паміж Касцёлам і грамадзянскімі ўладамі, а мясцовыя католікі спакойна ўзаемадзейнічаюць з членамі парламента, сенатарамі, мэрамі. У горадзе пануе спакойная і адказная атмасфера: кожны на сваім месцы, выконвае свае абавязкі і заўсёды імкнецца да ўсеагульнага дабра і дабрабыту людзей.
Лабораторыя мірнага суіснавання
Кардынал Бусціё падкрэсліў, што Корсіку можна лічыць "лабораторыяй" мірнага суіснавання грамадзянскіх і рэлігійных улад. “Мы бачым, што існуе шмат канфліктаў нават тут, у Міжземнамор'і, дык як мы можам прасоўваць мірнае, братэрскае, спакойнае жыццё з дапамогай нашых традыцый? Таму мы хочам, каб грамадзянскія і касцёльныя ўлады маглі весці дыялог. Сёння мы не можам быць інстытуцыйнымі ворагамі. Павінна быць адказнасць, імкненне да дабра народа, таму што, калі мы думаем пра сябе, мы забываемся пра людзей, пра грамадства”, - адзначыў іерарх.