Руфіні: камунікацыя – пытанне адносін, а не алгарытмаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Паола Руфіні прыняў удзел у індыйскай агульнанацыянальнай канферэнцыі каталіцкіх СМІ, якая прайшла ў Бангалоры і была прысвечана тэме адказнага выкарыстання лічбавых тэхналогій у сферы камунікацыі.
Прэфект ватыканскай дыкастэрыі нагадаў словы Папы, які, спасылаючыся на філосафа і тэолага Рамана Гвардзіні, казаў, што “мы не жывём у часе; мы і ёсць нашым часам”.
“Гэта мы надаём яму форму праз тое, што робім ці не робім. Таму гаворка ідзе не толькі пра навігацыю ў лічбавым моры. Лічбавае мора не існавала б без нас. Сацыяльныя медыя не існавалі б без людзей”, - падкрэсліў Руфіні, заўважаючы: “Наша заданне – фармаваць свет, ствараць яго, дзелячыся праўдай, дабром, прыгажосцю”.
“Пытанне заключаецца ў тым, ці развіццё штучнага інтэлекту ў сферы камунікацыі дапаможа нам стаць больш чалавечнымі ці прывядзе да дэградацыі нашай чалавечнасці”, - сцвердзіў ён.
У сувязі з гэтым Паола Руфіні падкрэсліў, што выкарыстанне лічбавых тэхналогій у сферы камунікацыі павінна спрыяць умацаванню адносін паміж людзьмі, дапамагаць ствараць умовы для больш поўнага жыцця людзей, спрыяць роўнасці, а не ўзнікненню новых каст. “Пытанне датычыць людзей, а не машын, адносін паміж людзьмі, а не алгарытмаў”, - дадаў прэфект.
Руфіні пажадаў, каб камунікацыя дапамагала будаваць лепшы свет, а не распальвала непаразуменне, крыўду і варожасць. “Няма большых інвестыцый, калі гаворка ідзе пра распаўсюджванне праўды і запуск дынамікі дабра ў нашым апавяданні”, - сказаў ён.
Ватыканскі прэфект заахвоціў работнікаў індыйскіх каталіцкіх СМІ супрацоўнічаць паміж сабой, каб супрацьстаяць вірусу падзелаў. “У той час, калі многія паддаюцца спакусе будавання новай Бабілёнскай вежы, мы пакліканы служыць цуду адзінства ў разнастайнасці”, - сказаў ён, заклікаючы ўключаць у працу СМІ моладзь.