У Рыме завяршаюцца юбілейныя ўрачыстасці першай катэдры Папаў
Ян Глінскі
Цэлебрацыю ўрачыстага набажэнства а 17.30 узначаліць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал-намінат арцыбіскуп Бальдасарэ Рэйна. Падчас Эўхарыстыі ў выкананні хору Рымскай дыяцэзіі прагучаць спевы, адмыслова падрыхтаваныя яго кіраўніком – славутым кампазітарам ксяндзом Маркам Фрызінам.
Напярэдадні, 8 лістапада, стартуе цыкл сустрэч Слухаючы настаўнікаў, які прысвечаны найважнейшым падзеям і постацям 1700-гадовай гісторыі святыні.
Гісторыя самай старажытнай з чатырох вялікіх папскіх базілік пачынаецца ў пачатку IV стагоддзя, адразу пасля заканчэння ганенняў. Пабудаваць яе загадаў рымскі імператар Канстанцін Вялікі, падарыўшы Папу зямлю і сямейны палац Латэранаў. Кансэкрацыю катэдры Рыма здзейсніў 9 лістапада 324 года святы Сільвестр, Папа. На працягу тысячы гадоў гэтая святыня адыгрывала істотную ролю ў Рыме і свеце. Менавіта тут, а не ў Ватыкане, канцэнтравалася жыццё Касцёла ажно да часоў так званага Авіньёнскага палону Папаў.
Нагадаем, побач з папскай базылікай св. Яна на Латэране знаходзіцца будынак са Святымі сходамі, па якіх, паводле падання, падымаўся Езус на суд. Сходы, як кажа традыцыя, прывезла святая Алена – мама імператара Канстанціна.