Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святая Зямля: спадзяванне на хуткае вяртанне пілігрымаў

Ізраіль і Ліван заключылі пагадненне аб спыненні агню, якое ўступіла ў моц 27 лістапада 2024 года. Хрысціяне Святой Зямлі выказваюць надзею на хуткае вяртанне пілігрымаў.

Ян Глінскі

“Гэта іскра надзеі ў час акіяна пакут”, – адзначыў у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму агенцтву KNA айцец Нікадэмус Шнабель, настаяцель нямецкамоўных бэнэдыктынаў на Святой Зямлі.

Як падкрэсліў манах, пагадненне з’яўляецца першым крокам да спынення забойстваў і да будучыні, поўнай “прымірэння, міру і дыялогу”. “Гэта таксама дае надзею на вяртанне пілігрымаў, якіх мы з нецярпеннем чакаем з распасцёртымі рукамі і сэрцамі”, – дадаў айцец Шнабель.

Георг Ровэкамп, дырэктар Дома пілігрыма Табха Нямецкага таварыства Святой Зямлі, таксама ўбачыў у спыненні агню знак надзеі. “Калі гэта адбудзецца, дом на Галілейскім моры прынамсі зможа зноў прымаць гасцей”, – сказаў ён.

З таго часу, як 7 кастрычніка 2023 года пачалася вайна, замежныя пілігрымы ў асноўным устрымліваліся ад наведвання Святой Зямлі. Паводле звестак Міністэрства турызму Ізраіля, у 2024 годзе краіну наведала каля 900 тысяч турыстаў, рэкордная ж колькасць наведванняў была занатавана ў 2019 годзе, калі яна склала 4,5 мільёны.

Наступствы вайны закранулі шматлікія гасцявыя дамы для хрысціянскіх пілігрымаў, у тым ліку аўстрыйскі хоспіс для пілігрымаў у Старым горадзе Іерусаліма. Страты зведалі таксама мясцовыя хрысціяне, дзейнасць якіх звязаная са сферай турызму.
 

29 лістапада 2024, 08:29