Пошук

Тыдзень у Беларусі Тыдзень у Беларусі 

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пілігрымка семінарыстаў, сустрэчы моладзі, калядная акцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Першакурснікі семінарыі здзейснілі пілігрымку ў Будслаў. 20 лістапада 2024 года студэнты першага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пілігрымавалі ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай і памаліліся на магіле першага рэктара семінарыі ксяндза Станіслава Кучынскага. Большасць з першакурснікаў наведалі санктуарый у Будславе ўпершыню. Яны ўзялі ўдзел у святой Імшы, цэлебрацыю якой ўзначаліў мадэратар семінарыі ксёндз Павел Скуба.

Сустрэчы моладзі праходзяць у Полацку і Гродне. 23 лістапада 2024 года Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі запрасіла юнакоў і дзяўчат у Полацк на 39-ы Сусветны дзень моладзі, які праходзіць пад дэвізам: Тыя, хто спадзяецца на Пана, ідуць нястомна. У праграме – канферэнцыя, святая Імша з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, адарацыя з малітвай праслаўлення. Увечары аналагічная сустрэча запланавана ў Гродне.

Патранальную ўрачыстасць Рэгіянальнага вікарыята кармэлітаў босых адзначылі ў Мінску. 20 лістапада 2024 года, у літургічны ўспамін святога Рафала Каліноўскага, кармэліты босыя ў Беларусі перажывалі ўрачыстасць свайго нябеснага заступніка. Субраты з супольнасцяў у Гудагаі, Мядзелі і Нарачы сабраліся ў кляштары кармэлітаў босых у Мінску. Духоўна суправаджаць іх у гэты дзень запрасілі настаяцеля кустодыі братоў капуцынаў у Беларусі брата Алега Шэнду, які прамовіў канферэнцыю на тэму, звязаныя з манаскай кансэкрацыяй, пакліканнем, духоўнасцю, а таксама сучаснымі выклікамі і пагрозамі вернасці манаскай харызме.

Caritas Гродзенскай дыяцэзіі ладзіць калядную акцыю. Вернікаў запрашаюць ўзяць удзел у акцыі Падорым Раство дзецям – набыць святочныя драўляныя і гіпсавыя рэчы, што дапаможа ў арганізацыі свята Божага Нараджэння для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і дзяцей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Акцыя стартуе 24 лістапада 2024 года ў парафіях Гродна.

Святар з Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. 18 лістапада 2024 года вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе ксёндз Андрэй Скамарошка абараніў дысертацыю, якую пісаў у Вармінска-Мазурскім універсітэце ў польскім Ольштыне на тэму Евангелізацыйнае вымярэнне літургіі Праваслаўнай Царквы. Святар засяродзіў увагу на значэнні літургіі ў справе евангелізацыі ў Праваслаўнай Царкве з перспектывы міжканфесійнага супрацоўніцтва. На абароне дысертацыі прысутнічалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй і часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.

23 лістапада 2024, 08:10