Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Пажаданні на Адвэнт, вынікі акцыі па дапамозе малым парафіям, IT-канферэнцыя – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Пастырскія лісты на Адвэнт скіравалі іерархі. У прыватнасці, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пажадаў, каб для кожнага Адвэнт стаў часам новага адкрывання і ўсё больш глыбокага адчування дару хрысціянскай надзеі: "Будзем знакамі надзеі для членаў нашых сем’яў, для нашых хатніх, калег, суседзяў, сяброў і знаёмых. Адкрыем нашы сэрцы на людзей бедных, тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, тых, хто фізічна і духоўна пакутуе. Будзем спрабаваць перамагчы ўласны эгаізм, самалюбства". Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што праз малітоўнае чуванне, добрыя ўчынкі і міласціну можна падрыхтавацца не толькі да святаў Божага Нараджэння, але і да Юбілейнага Года.

Прадстаўлены вынікі акцыі па дапамозе Касцёлу на Магілёўшчыне. 26 лістапада 2024 года, падчас пастырскай сустрэчы святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з вынікамі акцыі Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне пазнаёміў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Паводле іерарха, у ходзе акцыі парафіі ахвяравалі каля 50 тысяч рублёў. За гэтыя грошы правялі будаўнічыя і рамонтныя працы ў некаторых будынках, часткова пакрылі транспартныя выдаткі святарам, якія абслугоўваюць некалькі парафій, запэўнілі сацыяльныя гарантыі шэрагу святароў. Пры гэтым іерарх канстатаваў, што далёка не ўсе парафіі адгукнуліся на заклік аб дапамозе.

Прадстаўнік дзяржавы прыняў удзел у сустрэчы духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце міністраў Беларусі Аляксандр Румак выступіў падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы па тэме перарэгістрацыі парафій у адпаведнасці з новым заканадаўствам. Святары мелі магчымасць асабіста задаць пытанне і атрымаць ад упаўнаважанага адказ.

Другая хрысціянская IT-канферэнцыя прайшла ў Мінску з удзелам іерархаў. Сустрэча, якая адбылася 23 лістапада 2024 года ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, была прысвечана штучнаму інтэлекту. Мерапрыемства сабрала каля 65 спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, вернікаў розных канфесій. Удзел узялі таксама прадстаўнікі духавенства і студэнты гродзенскай семінарыі. Яны разам разважалі на тэму дапамогі штучнага інтэлекту ў жыцці і служэнні. Святую Імшу на распачацце канферэнцыі цэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Юрый Касабуцкі і святары, якія займаюцца душпастырствам у лічбавым асяроддзі.

Срэбраны юбілей святарства трох пробашчаў адзначылі на Гродзеншчыне. 23 лістапада 2024 года ў Дайлідках святакавалі 25-годдзе з часу прэзбітэрскага пасвячэння мясцовы пробашч ксёндз Алег Шпень, пробашч парафіі ў Юрацішках ксёндз Віталій Чурган і пробашч парафіі ў Ваўкавыску ксёндз Павел Звяжынскі. Да юбіляраў пры алтары далучыліся святары з суседніх парафій. Кожны з трох ксяндзоў, якія 25 гадоў таму прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне, атрымалі з нагоды юбілею адмысловае благаслаўленне Святога Айца.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

30 лістапада 2024, 09:26