Пошук

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ 

У базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ адкрыюцца новыя музейныя залы

Базіліка Санта-Марыя-Маджорэ паведаміла аб адкрыцці новых выставачных залаў у Музеі Папы Ліберыя. Падзея прымеркавана да Святога году і адбудзецца 11 снежня 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Новыя музейныя залы будуць размешчаны ў гістарычным Палацы дэла Каноніка, узведзеным у часы пантыфікату Паўла V (1605–1621). Яны стануць часткай выставачнага маршруту, які праходзіць праз Лесвіцу дэла Каноніка, створаную у часы пантыфікату Бэнэдыкта XIV (1740–1758), і праз Залу Капітула вядзе наведвальнікаў да Лоджыі благаслаўленняў, багата аздобленай мазаікай.

Новыя залы падзелены на тры секцыі, кожная з якіх прысвечана асобнай тэме. Зала Заходні Бэтлеем раскрывае значэнне базілікі як святога месца, дзе Біскупы Рыма на працягу стагоддзяў цэлебравалі Імшы напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння, бо тут захоўваецца рэліквія Святых Ясляў Езуса. Галоўным экспанатам залы сталі яслі, створаныя ў 1291 годзе мастаком Арнольфам дзі Камбіа. Новая вітрына дазваляе наведвальнікам любавацца гэтым сярэднявечным шэдэўрам з усіх бакоў.

Зала Маці Божай Снежнай і Зала Скарбніцы Salus Populi Romani захоўваюць дзве старажытныя фрэскі – Снежны цуд і Працэсія святога Грыгорыя Вялікага – выкананыя мастаком Бальдасарэ Крочэ ў перыяд пантыфікату Паўла V. Яны будуць прадстаўлены на агляд шырокай публікі ўпершыню.

Зала Скарбніцы Salus Populi Romani прысвечана знакаваму марыйнаму абразу, які ўшаноўваецца ў Вечным горадзе і ва ўсім свеце. У экспазіцыі прадстаўлены некаторыя каштоўныя ахвяраванні Пантыфікаў: старажытная шата, у якой абраз захоўваўся больш за трыста гадоў, а таксама кароны і каштоўнасці, ахвяраваныя Грыгорыем XVI (1831-1846) і Піем XII (1939-1958).

Экспазіцыя паклікана падкрэсліць мастацкую і духоўную каштоўнасць базілікі, пазнаёміць з яе шматвяковай гісторыяй як мага больш людзей. Па словах арцыбіскупа Раландаса Макрыцкаса, дапаможнага архіпрэзбітэра базілікі, новыя музейныя залы сталі плёнам доўгай і складанай працы, а таксама важным крокам для захавання і папулярызацыі гістарычнай і духоўнай спадчыны базілікі.

Музей поўнасцю адаптаваны для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Экспанаты суправаджаюцца тлумачэннямі на італьянскай і англійскай мовах.

11 снежня 2024 года цырымонію адкрыцця новых музейных залаў базілікі Санта-Марыя-Маджорэ ўзначаліць Кардынал-Дзяржсакратар П'етра Паралін. На наступны дзень, 12 снежня, у саборы пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй, падчас якога ўсе жадаючыя змогуць бясплатна наведаць новую экспазіцыю. Падрабязнасці на афіцыйным сайце базілікі

27 лістапада 2024, 11:54