Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Рэкалекцыі біскупаў, пахаванні святароў, новая кніга – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Рэкалекцыі для біскупаў і пасяджэнне епіскапату прайшлі ў Пінску. 5-8 лістапада 2024 года каталіцкія біскупы Беларусі сабраліся ў былой вышэйшай духоўнай семінарыі, дзе ўпершыню прайшлі духоўныя практыкаванні для епіскапату. Праводзіў рэкалекцыі дапаможны біскуп архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве Мікалай Дубінін. Беларускія іерархі маліліся аб новых пакліканнях, за спачылае духавенства. 8 лістапада тут жа прайшло пасяджэнне біскупскай канферэнцыі ў мэтах падкрэсліць сувязь і адзінства, пераемнасць мясцовай касцёльнай іерархіі. Сярод іншага біскупы абмеркавалі пытанні святкавання Юбілею 2025 Святога года і зацвердзілі тэму новага пастырскага года, сугучную дэвізу Юбілею: Пілігрымы надзеі.

З двума святарамі развіталіся ў Беларусі. У Астраўцы 5 лістапада 2024 года адбылося пахаванне пробашча мясцовай парафіі ксяндза Андрэя Горбача. Ён раптоўна адышоў у вечнасць ва ўзросце 50 гадоў ва ўрачыстасць Усіх Святых, хаця ў гэты дзень яшчэ служыў у касцёле. Пахавальную Імшу канцэлебравалі больш за сто святароў, узначаліў літургію біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. А ў Чарнаўчыцах каля Брэста пахавалі настаяцеля францішканскага кляштара ў Маскве айца Пятра Карнелюка, які адышоў у вечнасць на 55-м годзе жыцця пасля раптоўнай хваробы. Развітанне прайшло пры ўдзеле Мікалая Дубініна, дапаможнага біскупа архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве, дзе шмат гадоў служыў беларускі святар.

Сустрэча людзей з абмежаванымі магчымасцямі адбылася ў Браславе. Кляштар сясцёр эўхарыстак запрасіў на лістападаўскае спатканне інвалідаў мясцовага аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі. Сустрэча распачалася святой Імшой у інтэнцыі ўсіх людзей з асаблівасцямі з Браслаўскага раёна і супрацоўнікаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Затым гасцям прапанавалі прагляд фільма, удзел у інтэлектуальнай гульні і абед.

Да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі выйшла кніга пра каталіцкія святыні Пружаншчыны. Выданне выпусціла сталічнае выдавецтва Pro Christo. Чарговая кніга з серыі Каталіцкія святыні выйшла на пачатку восені і прысвечана ўсім існуючым, разбураным і страчаным святыням Пружанскага раёна – мясцінаў, з якімі быў асабліва звязаны святарскі шлях кардынала Казіміра Свёнтка. Аўтар тэксту і фотаздымкаў – архітэктар Аляксей Яроменка.

Адкрыта рэгістрацыя на другую хрысціянскую IT-канферэнцыю ў Мінску. Арганізатары запрашаюць да ўдзелу ў сустрэчы, якая пройдзе 23 лістапада, тых, хто імкнецца жыць хрысціянскімі каштоўнасцямі і прафесійна развіваецца ў лічбавым асяроддзі: ІТ-спецыялістаў, стваральнікаў медыякантэнту, духавенства і тых, хто служыць і выкарыстоўвае тэхналогіі ў служэнні. Тэма канферэнцыі – Штучны інтэлект для жыцця і служэння.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

09 лістапада 2024, 08:33