Fides: у 2024 годзе загінулі 13 місіянераў і душпастырскіх работнікаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Самымі небяспечнымі кантынентамі працягваюць заставацца Афрыка і Паўднёвая Амерыка. У Афрыцы сёлета былі забітыя шэсць душпастыраў і душпастырскіх работнікаў: 2 у Буркіна-Фасо, 1 – у Камеруне, 1 – у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і 2 – у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
У Паўднёвай Амерыцы ахвярамі забойцаў сталі пяць місіянераў: па адным у Калумбіі, Эквадоры, Гандурасе, Мексіцы і Бразіліі.
Трагічныя здарэнні не абмінулі нават Еўропу. У лістападзе 2024 года на нашым кантыненце загінулі два пажылыя душпастыры: 76-гадовы іспанскі францішканін, брат Хуан Антоніа Ларэнта, і 72-гадовы ксёндз Лех Ляховіч з Вармінскай архідыяцэзіі ў Польшчы. Іспанскі законнік стаў ахвярай псіхічна хворага чалавека, які ўварваўся ў кляштар, а польскі святар загінуў ад ран, атрыманых падчас нападу на плябанню з мэтай рабавання.
Усяго за перыяд з 2000 па 2024 год у свеце былі забітыя 608 місіянераў і душпастырскіх работнікаў.