Біскупы Лацінскай Амерыкі выступілі ў падтрымку праваабаронцаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
14 верасня 2024 года ў Гандурасе быў забіты актывіст-эколаг, член гарадской рады Хуан Антоніа Лопес. Ён уваходзіў у склад Меcаамерыканскай касцёльнай сеткі і яго дзейнасць атрымала міжнароднае прызнанне. Трагічны выпадак падкрэсліў уразлівасць праваабаронцаў і эколагаў у Лацінскай Амерыцы.
У адказ на злачынства Канферэнцыя Біскупаў Лацінскай Амерыкі сумесна з Платформай за мір, дэмакратыю і правы чалавека і Лацінаамерыканскай абарончай супольнасцю запусціла кампанію Жыццё вісіць на валаску. Асноўная мэта ініцыятывы – спрыяць абароне, салідарнасці і прызнанню дзейнасці праваабаронцаў і грамадскіх лідараў. Яна будзе прахадзіць пад лозунгам Ткаць будучыню, абараняць жыццё.
Афіцыйны старт кампаніі запланаваны на 10 снежня 2024 года. Ён пройдзе ў анлайн-фармаце, каб даць магчымасць удзелу прадстаўнікам розных краін Лацінскай Амерыкі. Адначасова з падзеяй у Гандурасе пройдуць памятныя мерапрыемствы ў гонар забітага эколага.
У рамках кампаніі Жыццё вісіць на валаску плануецца прыцягнуць увагу да дзейнасці праваабаронцаў і эколагаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Будуць апублікаваныя гісторыі і сведчанні людзей, якія мужна абараняюць правы чалавека і карэнных народаў.
Арганізатары кампаніі падкрэсліваюць, што "выпадкі, падобныя да забойства Хуана Антоніа Лопеса, не з'яўляюцца адзінкавымі інцыдэнтамі, а ўяўляюць сабой сістэматычную з'яву ў Лацінскай Амерыцы". Гэты рэгіён лічыцца адным з самых небяспечных для абаронцаў навакольнага асяроддзя і правоў чалавека.
Як паведаміла міжнародная арганізацыя Global Witness, 85% усіх забітых у 2023 годзе эколагаў былі з Лацінскай Амерыкі. У Гандурасе ў мінулым годзе былі забітыя 18 абаронцаў навакольнага асяроддзя.
Кампанія Жыццё вісіць на валаску завершыцца 10 снежня 2025 года, у Юбілей надзеі.