Пошук

Свечкі, прысвечаныя візіту Папы, у крамце пры катэдры ў Ажаксьё. Свечкі, прысвечаныя візіту Папы, у крамце пры катэдры ў Ажаксьё.  (AFP or licensors)

Корсіка чакае Папу: партрэт мясцовага Касцёла

Упершыню ў гісторыі Пантыфік наведае Корсіку. Востраў, які захаваў глыбокую каталіцкую веру і ўнікальныя традыцыі, рыхтуецца сустрэць Францішка 15 снежня 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Хрысціянская вера на Корсіцы мае амаль дзве тысячы гадоў гісторыі. Першыя хрысціянскія супольнасці з'явіліся тут на мяжы III і IV стагоддзяў, а значны імпульс евангелізацыі надаў Папа Грыгорый Вялікі ў VI стагоддзі.

У мінулым на востраве існавала пяць дыяцэзій, а на мяжы XI-XII стагоддзяў Корсіка нават была асобнай касцельнай правінцыяй. Цікава, што да гэтага часу мітрапалітам тут быў сам Папа. У XVII стагоддзі існавала нават Карсіканская Папская Гвардыя, якая не толькі ахоўвала пантыфікаў, але і падтрымлівала парадак на вуліцах Рыма.

Сёння дыяцэзія Ажаксьё, якой з 2021 года кіруе кардынал Франсуа-Ксаўе Бусціё, аб'ядноўвае 280 тысяч вернікаў з 355-тысячнага насельніцтва. Радасным знакам з'яўляецца рост колькасці хростаў дарослых – на Вялікдзень 2024 года сакрамэнт прынялі 151 чалавек, што на 50 больш, чым годам раней.

Асаблівасцю мясцовай рэлігійнасці з'яўляецца глыбокая марыйная пабожнасць. Больш за сто касцёлаў і капліц прысвечаны Маці Божай. На востраве дзейнічае некалькі марыйных санктуарыяў, сярод якіх вылучаюцца Кампітэлу і Панкерачыя.

Важную ролю ў захаванні традыцый адыгрываюць 92 брацтвы, чальцы якіх дапамагаюць святарам у душпастырстве і клапоцяцца пра месцы культу. Літургія часта цэлебруецца на карсіканскай мове з выкарыстаннем традыцыйных паліфанічных спеваў ла пагела, якія ЮНЕСКА прызнала часткай сусветнай нематэрыяльнай спадчыны.

Праграма папскага візіту 15 снежня 2024 года ўключае сустрэчу з катэхуменамі каля старажытнага баптыстэрыя V стагоддзя, удзел у сімпозіуме пра народную рэлігійнасць, малітву з духавенствам у катэдры і цэлебрацыю святой Імшы на Плошчы Аўстэрліц.

Гэта будзе першы ў гісторыі папскі візіт на Корсіку, хаця ў 1952 годзе востраў наведаў будучы папа Ян XXIII, тады яшчэ як нунцый у Францыі.
 

13 снежня 2024, 10:50