Пошук

Благаслаўлёны П’ер Джорджа Фрасаці Благаслаўлёны П’ер Джорджа Фрасаці  (Lawrence OP)

У Лос-Анджэлесе прадставілі цуд для кананізацыі Фрасаці

Падчас прэс-канферэнцыі 16 снежня 2024 года ў Лос-Анджэлесе быў прадстаўлены выпадак цудоўнага аздараўлення, які Апостальская Сталіца прызнала вырашальным для кананізацыі П’ера Джорджа Фрасаці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Гэта сапраўдны цуд, які не мае медыцынскага тлумачэння", - падкрэсліў арцыбіскуп Лос-Анджэлеса Хасэ Гомес.

Галоўным героем падзеі стаў 38-гадовы ксёндз Хуан Гуцьерэс, які падрабязна распавёў пра сваё аздараўленне ў 2017 годзе. Будучы тады семінарыстам, ён атрымаў сур'ёзную траўму – разрыў ахілавага сухажылля.

"Я адчуў незвычайнае цяпло ў вобласці траўмы падчас малітвы ў капліцы. Спачатку нават падумаў, што нешта гарыць пад лаўкамі", - падзяліўся ўспамінамі святар, які цяпер служыць вікарыем у парафіі святога Яна Хрысціцеля.

Дзякуючы свайму досведу ў Руху Харызматычнага Аднаўлення, ён ведаў, што такое цяпло можа быць звязана з Божым аздараўленнем. "Я глядзеў на табернакулюм і плакаў", - успамінае ксёндз Гуцьерэс момант свайго аздараўлення.

Пасля гэтага здарылася неверагоднае – ён змог зноў хадзіць без артэза. Хірург-артапед пацвердзіў, што аперацыя больш не патрэбная. Разрыў сухажылля, які раней быў бачны на здымках магнітна-рэзананснага даследавання, знік, што, па словах хірурга, з'яўляецца беспрэцэдэнтным для такога тыпу траўм.

Менавіта медыцынскае заключэнне стала пачаткам ватыканскага расследавання цуду, які ў выніку прывёў да рашэння аб кананізацыі П’ер Джорджа Фрасаці, запланаванай на Сусветны дзень моладзі, які будзе праходзіць з 28 ліпеня па 5 жніўня 2025 года ў рамках Юбілею хрысціянства.

На прэс-канферэнцыі прысутнічала Ванда Гаўронская, пляменніца Фрасаці, якая выказала сваю радасць з нагоды хуткай кананізацыі свайго дзядзькі. Яна ўзгадала пра шматгадовыя намаганні сваёй маці, якая з 1930-х гадоў працавала дзеля прызнання святасці Фрасаці.

Асаблівую ролю ў справе адыграў ксёндз Роберт Сарна, былы супрацоўнік Дыкастэрыі па справах кананізацыі. Менавіта ён, выкладаючы ў семінарыі святога Яна ў Камарыла, сустрэў Гуцьерэса і распазнаў у яго аздараўленні магчымы цуд.

"Усё склалася цудоўным чынам", - адзначыў прэлат Сарна, які ўдзельнічаў у прэс-канферэнцыі анлайн з Нью-Ёрка. Ён таксама паведаміў, што засталася толькі фармальная працэдура – канчатковая кансультацыя кардыналаў і біскупаў са Святым Айцом для зацвярджэння кананізацыі.
 

18 снежня 2024, 11:10