Санктуарый у Лурдзе: афіцыйна прызнаны 71-ы цуд
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дакументы, якія пацвярджаюць цудоўнае аздараўленне Трэйнара, былі выяўлены праз стагоддзе.
Гісторыя Джона Трэйнара
Падчас Першай сусветнай вайны Джон Трэйнар, які служыў у англійскім флоце, атрымаў сур’ёзныя раненні, у выніку якіх яму часткова паралізавала ногі, а правая рука страціла адчувальнасць. Да таго ж ён пакутаваў ад пастаянных прыступаў эпілепсіі. У 1923 годзе, нягледзячы на скептычныя меркаванні сяброў, 40-гадовы Трэйнар вырашыў прыняць удзел у пілігрымцы ў Лурд, арганізаванай Ліверпульскай дыяцэзіяй. Вера ў цудадзейную дапамогу Панны Марыі была прывіта яму маці, ірландскай каталічкай, якая заўчасна памерла, калі ён быў дзіцем.
Цуд у Лурдзе
Увечары 25 ліпеня 1923 года падчас Эўхарыстычнай працэсіі Трэйнар адчуў нечаканую моц ва ўсім целе. Яго ногі пачалі рухацца, а рука паднялася, каб перажагнуцца. На наступны дзень ён самастойна адправіўся да грота Маці Божай, дзе цалкам пераканаўся ў сваім вылячэнні: яго раны зажылі, а прыступы эпілепсіі зніклі. Цуд выклікаў здзіўленне трох урачоў, якія былі ў пілігрымцы з Трэйнарам і пацвердзілі яго аздараўленне.
Пацвярджэнне цуду
У 1926 годзе пасля трохгадовага расследавання медыцынская камісія санктуарыя падрыхтавала афіцыйны дакумент – калегіяльную заяву, якую падпісалі ў тым ліку і тры ўрачы-сведкі. Заяву апублікавалі ў мясцовым Journal de la Grotte, але яна не трапіла ў Ліверпульскую дыяцэзію. Толькі праз стагоддзе гісторыя была адноўлена.
Знаходка праз 100 гадоў
У 2023 годзе з нагоды юбілею лівэрпульскай пілігрымкі, англійскі медык Кіран Марыярці, член Міжнароднага медыцынскага камітэта Лурда, заклікаў сваіх калег даследаваць гэту гісторыю. У выніку была знойдзена клінічная справаздача 1926 года, якая пацвердзіла сапраўднасць цуду. Усе матэрыялы былі перададзены арцыбіскупу Ліверпуля Малькальму Патрыку Макмэну, які 8 снежня 2023 года афіцыйна прызнаў цуд. Прызнанне адбылося напярэдадні Юбілею надзеі – той самай надзеі, з якой мільёны пілігрымаў штогод накіроўваюцца ў Лурд.