У калядную ноч манахі даставілі ў Бэтлеем тысячы малітваў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Традыцыйная акцыя У калядную ноч нясу тваё імя ў Бэтлеем сабрала сёлета 105 413 імёнаў, сярод якіх былі просьбы ад цэлых сем'яў, кампаній і школьных класаў. Манахі размясцілі іх каля 14-прамянёвай зоркі ў месцы нараджэння Езуса.
"За кожным імем хаваецца біяграфія і асабістая просьба, пра якую мы молімся і якую кладзём у яслі ў Бэтлееме", - падкрэслівае бенедыктынскі абат, айцец Нікадэмус Шнабель.
У начным паломніцтве манахам спадарожнічала каля 100 чалавек, што значна менш у параўнанні з папярэднімі гадамі, калі ў працэсіі ўдзельнічала больш за 300 пілігрымаў. Дзесяцікіламетровы шлях з Іерусаліма ў Бэтлеем заняў каля дзвюх гадзін, і паломнікі прыбылі да месца прызначэння каля чацвёртай гадзіны раніцы.
Сабраныя ахвяраванні, якія склалі каля 285 тысяч еўра, будуць накіраваны на падтрымку моладзевага цэнтра і месца сустрэч для людзей з інваліднасцю Бейт Ноа каля Галілейскага возера, а таксама на іншыя сацыяльныя праекты ў Бэтлееме.
Гэтая традыцыя пачалася 16 гадоў таму, калі манахі сталі атрымліваць усё больш просьбаў ад вернікаў, якія не маглі самастойна наведаць Святую Зямлю. Пасля ўрачыстай Пастэркі ў базіліцы Дарміцыё скруткі з імёнамі і просьбамі бласлаўляюцца, а потым пераносяцца ў Бэтлеем, дзе паломнікі чытаюць ютрань да 5.30, калі, згодна са статус-кво, пачынаецца літургія грэка-праваслаўных хрысціян.