Вернікі ўдзельнічаюць у ІІ Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе ў Руандзе Вернікі ўдзельнічаюць у ІІ Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе ў Руандзе 

Святы Айцец благаславіў эўхарыстычны кангрэс у Руандзе

Папа Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам II Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Руандзе, падкрэсліўшы, што Эўхарыстыя з'яўляецца цэнтрам усяго хрысціянскага жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пасланне было падпісана кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і адрасавана біскупу Вінсэнту Хараліману, дэлегату Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Руанды па эўхарыстычных кангрэсах.

"Святы Айцец дзякуе Пану за гэтую важную падзею ў касцельным жыцці, засяроджаную на Эўхарыстыі, якая з'яўляецца цэнтрам усяго хрысціянскага жыцця і сакрамэнтам любові Хрыста да чалавецтва", - адзначаецца ў пасланні.

Кангрэс адбываецца ў асаблівы перыяд для Касцёла ў Руандзе, паколькі краіна рыхтуецца да святкавання 125-годдзя евангелізацыі і Юбілейнага 2025 года. У гэтым кантэксце разважанні над Эўхарыстыяй набываюць асаблівае значэнне.

"Мы павінны быць адчувальнымі знакамі надзеі для многіх братоў і сясцёр, якія жывуць у складаных умовах", - цытуе кардынал Паралін булу абвяшчэння Святога 2025 года Spes non confundit.

Тэма кангрэса Скіруем позірк на Езуса ў сакрамэнце Эўхарыстыі: крыніца надзеі, братэрства і міру заклікае ўдзельнікаў звярнуць увагу на розныя формы голаду ў сучасным свеце: фізічны голад, голад па свабодзе і годнасці, голад па міры і любові, па сэнсе жыцця.

"Жыць Эўхарыстыяй азначае ахвяраваць сябе дзеля іншых і працаваць салідарна з усімі людзьмі добрай волі дзеля пабудовы цывілізацыі любові", - падкрэсліваецца ў пасланні.

У заключнай частцы Папа Францішак даверыў усіх удзельнікаў кангрэса мацярынскай апецы Марыі, Каралевы Міру і Маці Надзеі, заклікаючы іх будаваць радасны, гасцінны і братэрскі Касцёл-Сям'ю Божую ў Руандзе.

Святы Айцец удзяліў сваё апостальскае благаслаўленне біскупам, святарам, кансэкраваным асобам, свецкім вернікам і ўсім жыхарам Руанды.
 

11 снежня 2024, 10:05