Папа: паглядзім на яслі і адчуем сапраўдны дух Божага Нараджэння
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Давайце спынімся, каб паглядзець на яслі, на нараджэнне Езуса: святло і спакой, беднасць і адрынутасць. Давайце ўвойдзем у сапраўднае Божае Нараджэнне разам з пастушкамі, прынясём Езусу тое, кім мы з’яўляемся. Такім чынам, у Ім мы адчуем сапраўдны дух Божага Нараджэння: прыгажосць быцця любімымі Богам”, - заахвоціў Папа.
Пяць гадоў таму, у 2019 годзе, Святы Айцец выдаў Апостальскі ліст Admirabile signum, прысвечаны значэнню і важнасці бэтлеемскіх ясляў. Падпісанне гэтага дакумента Папа здзейсніў у італьянскім мястэчку Грэча, недалёка ад Асізі, дзе ў 1223 годзе святы Францішак стварыў першую ў гісторыі калядную стаенку.
Бэтлеемскія яслі абуджаюць узрушэнне і захапленне, бо яны раскрываюць “ласкавасць Бога,” які стаў маленькім і бедным, як мы. Гэта запрашэнне ісці шляхам пакоры, служэння і міласэрнасці, асабліва ў адносінах да найбольш патрабуючых братоў і сясцёр, - падкрэсліваў Пантыфік у сваім Апостальскім лісце.