Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
Бэтлеемскае святло міру даставілі ў Беларусь. 20 снежня 2024 года гэты сімвал Божага Нараджэння каталіцкія скаўты ўрачыста ўнеслі ў мінскую архікатэдру і гродзенскую катэдру. У цэлым Бэтлеемскі агонь скаўты даставяць у больш за 140 рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій. Сёлета ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе паўплываў на правядзенне акцыі – упершыню за ўсю яе гісторыю распаўсюджваецца Бэтлеемскі агонь, прывезены летась, які праз увесь год захоўвалі аўстрыйскія скаўты і скаўткі.
Серыя аплаткавых сустрэч праходзіць з удзелам біскупаў. 12 снежня 2024 года ў Ляскоўцы адбылася перадкалядная сустрэча супрацоўнікаў дабрачыннага таварыства Caritas. Разам з беларускімі біскупамі ў ёй удзельнічаў Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі ксёндз Кшыштаф Сэрока. 14 снежня прайшла аплаткавая сустрэча навучэнцаў і выкладчыкаў Мінскага тэалагічнага каледжа святога Яна Хрысціцеля, у якой узяў удзел арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. 16 снежня ў Ашмянах аплаткавую сустрэчу духавенства Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў ардынарый Уладзімір Гуляй.
У Мінску адбылося адвэнтавае чуванне моладзі. У ноч з 14 на 15 снежня 2024 года моладзь з парафій Мінска і іншых мясцін Беларусі сабралася ў сталічнай архікатэдры на адвэнтавае чуванне па тэме ЕруШалом – горад супакою. Цэлебрацыю Эўхарыстыі для моладзі ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Гамілію прамовіў Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, які звярнуў увагу на выклікі сучаснага свету і ролю хрысціянскай радасці ў пераадоленні розных жыццёвых цяжкасцяў: "У часы, калі грэх становіцца нормай, калі адбываецца падмена паняццяў і каштоўнасцяў, усё цяжэй супрацьстаяць граху. Хрысціянская радасць павінна быць у сэрцы, каб змяняць і навяртаць гэты свет да лепшага".
У Полацку прайшла калядная пастырская сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі. 17 снежня 2024 года парафія cвятога Андрэя Баболі прымала спатканне святароў і манаскіх асобаў. Пасля канферэнцый і набажэнстваў святую Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Падчас арганізацыйнай сустрэчы былі прадстаўлены бліжэйшыя мерапрыемствы – фестываль Батлеек у Віцебску і Зорка Бэтлеема ў Мёрах.
Касцёл у Навагрудку атрымаў узнагароду як аб'ект рэлігійнага турызму. 14 снежня 2024 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы ў Мінску навагрудская парафія святога Арханёла Міхала была ўрачыста ўзнагароджана дыпломам па выніках XXII Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу Пазнай Беларусь у намінацыі Аб’ект рэлігійнага турызму года. У конкурсе па гэтай намінацыі ўдзельнічала каля 200 святыняў розных канфесій з усёй Беларусі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.