Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Фестываль батлеек, падзяка епіскапату, юбілей назарэтанак – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Фестываль батлеек прайшоў у Віцебску. 26 снежня 2024 года ў доме культуры акадэміі ветэрынарнай медыцыны такі фестываль адбыўся ўпершыню. Каб прадставіць свае батлейкі, на конкурс сабраліся 7 парафій. Кожная атрымала падарункі. На заканчэнне біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў удзельнікам, арганізатарам, спонсарам і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

Епіскапат звярнуўся з паведамленнем на нядзелю Святой Сям’і. Біскупы падзякавалі ўсім удзельнікам акцыі Духоўнага ўсынаўлення – тым, хто на працягу мінулых дзевяці месяцаў маліўся ў інтэнцыі захавання жыцця ненароджанага дзіцяці, якому пагражала небяспека аборту. "Дзякуючы вашым малітвам гэты свет становіцца ўжо не такім сумным і шэрым. Няхай вашым старанням і ініцыятывам, скіраваным на тое, каб кожнае зачатае дзіця магло прыйсці ў гэты свет, спадарожнічае нашае пастырскае благаслаўленне, якое вам ад усяго сэрца ўдзяляем", – звярнуліся біскупы.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзяліўся разважаннямі на Божае Нараджэнне. Паводле заслужанага іерарха, нэаатэістчная культурная рэвалюцыя, якая прэтэндуе на тое, што пераменіць свет да лепшага, насамрэч вядзе яго да экзістэнцыяльнай катастрофы. "Таму трэба вызначыцца з адказам на пытанне: каму мы служым: бажкам секулярнай грахоўнай культуры ці Богу? як успрымаем хрысціянскія каштоўнасці і якое значэнне яны маюць для нас?" – прапанаваў задумацца арцыбіскуп эмэрыт. Ён дадаў, што нягледзячы на відавочны крызіс веры ў сучасным свеце, і таксама ў Беларусі, ёсць шмат людзей, якія шукаюць Бога. Сведчаннем таму з’яўляюцца фэсты, у якіх бяруць удзел тысячы пілігрымаў, што "дае новую надзею".

На 95-м годзе жыцця адышла ў вечнасць сястра назарэтанка Тэрэза Касінская. Апошнія гады яна праводзіла ў манаскім доме назарэтанак у Гродне, дзе і адышла ў вечнасць 27 снежня 2024 года. Гэта здарылася перад распачаццем святкавання 150-гадовага юбілею Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Шмат гадоў сястра Тэрэза служыла ў Навагрудку, дзе сярод іншага дапамагала айцу Войцеху Навачыкy. Таксама яна дапамагала сённяшняму біскупу Пінскаму Антонію Дзям’янку, калі ён быў пробашчам парафіі ў Навагрудку, а пазней біскупам у Гродне, Мінску i Пінску.

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholic.by і ўласнай інфармацыі.
 

28 снежня 2024, 09:04