Нотр-Дам за месяц наведалі 800 тысяч чалавек
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Адноўленая пасля разбуральнага пажару 2019 года катэдра Нотр-Дам дэманструе выключную папулярнасць сярод вернікаў і турыстаў. Паводле інфармацыі прэс-сакратара катэдры Сібіль Беламі-Браўн, у сярэднім кожную хвіліну святыню наведваюць 32 чалавекі. "Кожную раніцу, калі мы адчынялі дзверы ў снежні, адразу ўваходзілі ад 600 да 800 чалавек", - адзначае яна.
Сярод наведвальнікаў пераважаюць французы, за імі ідуць амерыканцы і італьянцы. Таксама шмат турыстаў з Германіі, Кітая, Карэі і Японіі. Толькі за першы месяц работы было раздадзена каля 50 тысяч камунікантаў падчас святой Камуніі на Імшы.
Катэдра Нотр-Дам, прысвечаная Багародзіцы, з'яўляецца адным з галоўных сімвалаў Парыжа. Да пажару 15 красавіка 2019 года яе штогод наведвалі ад 12 да 14 мільёнаў чалавек. Пасля маштабнай рэстаўрацыі, якая доўжылася пяць гадоў, катэдра зноў адчыніла свае дзверы 8 снежня 2024 года.
Цяпер для наведвання катэдры дзейнічае электронная сістэма браніравання, хаця магчымы і спантанныя візіты, але ў такім выпадку трэба быць гатовым да чэргаў.