Кардынал Шонбарн узначаліць беатыфікацыю эстонскага мучаніка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Як паведамляе Талінская дыяцэзія, Францішак даручыў правесці цырымонію беатыфікацыі эстонскага арцыбіскупа-мучаніка кардыналу Крыстафу Шонбарну з Вены. У снежні 2024 года Папа прызнаў мучаніцтва езуіта, які паходзіў з нямецкай дыяцэзіі Трэвір.
"Мы аддаём даніну павагі арцыбіскупу Эдуарду Профітліху як гераічнаму сведку веры ў часы савецкага пераследу, які аддаў жыццё, каб застацца верным Хрысту", - адзначыў Біскуп Таліна Філіп Жан-Шарль Журдан, падкрэсліваючы, што дэвізам будучага бласлаўлёнага былі словы Вера і мір.
Арцыбіскуп Профітліх нарадзіўся ў 1890 годзе ў Бірэсдорфе ў Рэйнланд-Пфальцы. З 1930 года ён служыў пробашчам у Таліне, а ў маі 1931 года быў прызначаны апостальскім адміністратарам ў Эстоніі. У 1936 годзе ён атрымаў біскупскае пасвячэнне і тытул арцыбіскупа.
Падчас Другой сусветнай вайны, пасля анексіі Эстоніі Савецкім Саюзам у 1940 годзе, арцыбіскуп адмовіўся ад магчымасці вярнуцца ў Германію і застаўся са сваёй паствай. У 1941 годзе ён быў арыштаваны і асуджаны да смяротнага пакарання праз расстрэл у Кіраве ў Расіі. 22 лютага 1942 года арцыбіскуп памёр у турме яшчэ перад выкананнем прысуду.
Беатыфікацыя арцыбіскупа Профітліха стане першай у гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Эстоніі і адной з першых у краінах Паўночнай Еўропы з XVI стагоддзя. Беатыфікацыйны працэс, які пачаўся ў 2003 годзе, з'яўляецца сведчаннем прызнання Касцёлам выключнага жыцця і вернасці Богу гэтага пастыра.