Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі 

Касцёл будзе такім, якімі будзем мы: размова з арцыбіскупам

Падчас нядаўняга візіту ў Ватыкан старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзяліўся сваім бачаннем будучыні Касцёла і яго ролі ў сучасным грамадстве.

Размаўляў ксёндз Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Інтэрв’ю арцыбіскупа Юзафа Станеўскага для Vatican News адбылося ў Рыме, куды ён прыбыў для правядзення шэрагу важных сустрэч з прадстаўнікамі Святога Пасада, 21 лютага 2025 года. У шчырай размове іерарх адказаў на найбольш актуальныя пытанні, што тычацца касцельнага жыцця, падзяліўся сваімі разважаннямі пра выклікі, з якімі сутыкаецца Касцёл, і пра шляхі іх пераадолення.

Пра дыялог з уладамі

Апошнія гады былі насычаны рознымі падзеямі ў адносінах паміж Касцёлам і дзяржавай. Мы бачылі і складаныя моманты, і спробы наладзіць канструктыўны дыялог. Нядаўняя сустрэча рэлігійных лідараў з кіраўніком дзяржавы, дзе абмяркоўваліся пытанні рэлігійнага жыцця ў краіне, і на якой Вы прысутнічалі, стала важнай падзеяй. Якія галоўныя пасланні Вы імкнуліся данесці і наколькі, на Вашу думку, яны былі пачутыя? Як бы Вы ўвогуле ацанілі цяперашні ўзровень дыялогу паміж Касцёлам і дзяржавай? Якія пытанні патрабуюць найбольшай увагі і якія крокі, на Вашу думку, неабходныя для іх вырашэння?

Сардэчна вітаю Вас, ксёндз Аляксандр як кіраўніка Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё - Vatican News, а разам з вамі супрацоўнікаў і тых, хто атрымлівае навіны Касцёла дзякуючы вашай працы. Ад імя ўсіх дзякую вам за вашу працу, за ваш клопат і намаганні дзеля абвяшчэння Божага слова.

Пытанне, з якім вы звяртаецеся да мяне, яно не новае, многія цікавяцца, як і што. Кажуць, шчасце само не прыходзіць, яму трэба выйсці насустрач. Мінулы год, які мы перажылі, быў годам малітвы ў нашым Касцёле. У Касцёле ў Беларусі гэта быў год падзякі за каранацыю абраза Маці Божай Будслаўскай і год падрыхтоўкі да Інтранізацыі мясцовага Касцёла Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Гэта мела месца падчас урачыстасцяў у нацыянальным санктуарыі ў Будславе, так як нашы продкі калісьці 150 год таму ахвяравалі сябе Богу, так і сёння мы з новымі і сваімі рэлігійнымі пачуццямі перад усім і над усё паставілі Сэрца Бога, палаючае любоўю.

Цяпер, разам з паўсюдным Касцёлам мы з'яўляемся пілігрымамі надзеі, крочым за Хрыстом у паўсядзённасці. У час, калі Бог выбраў нас, прымаем наказы нашых продкаў і пытаем, што ад нас чакаюць ці патрабуюць нашчадкі, наша будучыня – моладзь. Які Касцёл мы атрымалі і які перадаем. Як кажуць, добра, калі ўсё новае, а сябры застаюцца старымі.

Касцёл і дзяржава – гэта сям'я сем'яў. А сям'я – гэта святое, дзе дыялог, спрэчкі і каханне, мары і мроі пераплятаюцца і сілкуюцца. Месца, дзе маеш памятаць, што, кажучы "так" іншаму, не гаворыш сабе "не".

На пачатку лютага адбылася сустрэча рэлігійных лідараў з кіраўніком дзяржавы, дзе абмяркоўваліся пытанні рэлігійнага жыцця ў нашай краіне. Кожны з удзельнікаў меў магчымасць падзяліцца з прысутнымі галоўнымі тэзісамі душпастырскай працы. Пасля кожнага "даклада" слова браў Прэзідэнт, каб выказаць свае меркаванні і прапановы.

Я ўзгадаў аб нашых радасцях і клопатах, аб рэлігійным жыцці вернікаў і нашай прысутнасці ў сацыяльных праграмах Касцёла згодна з парадай Папы Францішка: перш дапамажы, а потым можаш запытаць аб імені і рэлігійнай прыналежнасці. Узгадаў кіраўніку дзяржавы і пра нашы намаганні ў абароне міру згодна з думкай Пантыфіка: будаваць не муры, а масты.

Прэзідэнт пазітыўна выказаўся пра ўдзел нашай супольнасці ў жыцці грамадства. Узгадаў пра Нацыянальны санктуарый у Будславе як аб духоўным цэнтры Касцёла ў Беларусі і аб сваіх сяброўскіх адносінах з Папам Францішкам. Некалькі разоў прасіў перадаваць прывітанні Пантыфіку, што я сёння рэалізую, знаходзячыся ў Рыме.

Пра сувязь з Святым Пасадам

Ваш цяперашні візіт у Ватыкан мае асаблівае значэнне. Сустрэчы з кардыналам Паралінам, які з'яўляецца Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы, і кардыналам Гуджэроці, які добра ведае сітуацыю ў Беларусі як былы нунцый, далі магчымасць абмеркаваць шырокае кола пытанняў. Якія ключавыя тэмы закраналіся падчас гэтых сустрэч? Як Святы Пасад бачыць сітуацыю Касцёла ў Беларусі і якія перспектывы для развіцця касцельнага жыцця адкрываюцца пасля гэтых сустрэч?

Сапраўды, сустрэча з іерархамі такога ўзроўню патрабуе падрыхтоўкі, бо час абмежаваны, не таму што ім не цікава, а таму што яны маюць шмат сустрэч. Так, напрыклад, наша сустрэча з кардыналам Паралінам была вызначана на 19.00. Як сказаў мінутант, гэта добра, бо пасля нас ужо не было сустрэч, мы маглі займаць больш часу, так і было.

Першай нашай сустрэчай (я кажу пра сябе і біскупа Аляксандра Яшэўскага, з якім мы прыбылі ў Рым) была радасная, братэрская сустрэча з былым сакратаром апостальскай нунцыятуры ў Мінску мансеньёрам Філіпа Чампанэлі, які Папам Францішкам быў прызначаны біскупам, і мы мелі магчымасць прысутнічаць на яго біскупскай кансэкрацыі ў Базіліцы Святога Пятра.

Хочацца падзяліцца радасцю, што ў старажытнай базіліцы, дзе звычайна гучыць лацінская мова, прагучалі словы на нашай роднай, беларускай: "Вялікі дзякуй вам, Беларусь і беларусы". Гэта былі словы ўдзячнасці, якімі новавысвячаны біскуп Філіпа дзякаваў за той час, які ён правёў у Беларусі.

Затым была сустрэча з кардыналам Клаўдыё Гуджэроці, які вельмі добра ведае нашы рэаліі і спазнаў характар "беларускага верніка". Аб гэтым можна было даведацца ў Будславе некалькі гадоў таму падчас казання, у якім ён засяродзіўся на нашай нацыянальнай "бульбе". На гэты раз кардынал казаў пра тэалагічныя справы, узгадваючы "матрошку" – для дзяцей забава, для тэолагаў адкрыццё новых тэорый аб адным і тым жа: "ва ўсім прысутнічае Бог". Гэтым выказваннем кардынал Клаўдыё і падтрымаў нас.

Сустрэча з кардыналам Паралінам, аб якой я ўжо крыху ўзгадаў, мела больш афіцыйны характар. Прайшла яна ў духу паразумення і сяброўскага дыялогу. Гэта былі не толькі прачытаныя тэзісы, але дыялог з разважаннем і высновамі. У гэтым нам дапамагаў наш святар Раман Суша, які з'яўляецца доктарам тэалогіі і выкладае ў папскіх універсітэтах у Рыме.

Кардынал Паралін цікавіўся і канкрэтным жыццём нашых вернікаў, і адначасова нашага грамадства. Былі і асабістыя пытанні, аб якіх я і не меркаваў, што ён можа ведаць. Убачыўшы маё здзіўленне пытаннем, патлумачыў: "Гэта Ватыкан". Была размова пра перарэгістрацыю парафій, пра стварэнне акадэміі імя Яна Паўла II у Мінску, пра семінарыю і семінарыстаў, пра тэалагічныя каледжы. Наогул аб зацікаўленасці не толькі нашых вернікаў, але і людзей іншых веравызнанняў навукай Хрыста.

Цікавіўся кардынал Паралін і справай Чырвонага касцёла ў Мінску і персанальнымі справамі святароў. Адчувалася, што ён ведае агульныя справы нашага Касцёла і бачыць іх праз прызму Касцёла Паўсюднага.

У цёплых словах дзяржсакратар падзякаваў ад імя Папы Францішка за прывітанне ў яго адрас ад Касцёла ў Беларусі і асабліва ад Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча, якое я пачуў падчас нашай сустрэчы з лідарамі рэлігійных арганізацый і якое я перадаў. Гэта стала адной з мэтаў майго візіту ў Рым.

"Быць у Рыме і не сустрэцца з Папам" – гэтае выказванне цяпер нам не ўдалося споўніць. Сустрэча была вызначана на 9.30 у пятніцу 21 лютага 2025 года, аднак, на жаль, Папа Францішак знаходзіцца ў шпіталі. Таму мы наведалі Базіліку Святога Пятра, прайшлі праз Юбілейную Святую Браму, атрымалі поўны адпуст, маліліся за Пантыфіка, наш Касцёл і нашу краіну ў духу Папы Францішка: усе мы браты.

Пра інфармацыйную прастору

Змены ў працы сайта catholic.by, які доўгі час быў галоўнай інфармацыйнай крыніцай для католікаў Беларусі, выклікалі шмат пытанняў і дыскусій. Змяніўся прэс-сакратар епіскапату, былі выдадзеныя новыя прадпісанні адносна выступленняў духавенства ў СМІ. Многія вернікі занепакоеныя тым, як будзе развівацца інфармацыйная прастора Касцёла. Якія прычыны паўплывалі на гэтыя змены? Якім Вы бачыце далейшае развіццё каталіцкай медыяпрасторы ў Беларусі і якія прынцыпы павінны быць у яе аснове?

Падчас сваіх прамоў Папа Францішак часта называе інтэрнэт шостым кантынентам. Ён тлумачыць гэта тым, што ў гэтай прасторы прабывае найбольш людзей з усіх кантынентаў. І сапраўды, медыяпрастора – гэта вельмі важнае месца для сустрэчы з чалавекам, які шукае сэнс свайго жыцця або нейкую інфармацыю. Мы як супольнасць Каталіцкага Касцёла маем наказ ад Хрыста: "Ідзіце і навучайце". Свайго часу святы Павел узняўся на Арэапаг, каб праз гэта стаць больш пачутым. А святы Максімільян Марыя Кольбэ, які працаваў у Гродне, у сярэдзіне ХХ стагоддзя пачаў выданне "Рыцара Беззаганнай", выкарыстоўваў радыё для абвяшчэння Евангелля Хрыста.

Таму для больш эфектыўнай душпастырскай працы Касцёла ў Беларусі і не толькі, паўстаў інфармацыйны партал catholic.by, дарэчы, якога кіраўніком былі і вы, ксёндз Аляксандр, за што вельмі дзякуем вам і кожнаму супрацоўніку нашых каталіцкіх беларускамоўных СМІ, а таксама тым, хто хоць на момант адчуў сябе журналістам – напісаў ці даслаў інфармацыю аб дзейнасці сваёй парафіі ці душпастырскай ініцыятыве.

Вяртаючыся да пытання аб дзейнасці сайта catholic.by, хачу супакоіць і растлумачыць. Ён і надалей застаецца тым месцам, дзе беларускамоўныя чытачы змогуць знайсці інфармацыю аб дзейнасці Касцёла. Сайт быў заснаваны як афіцыйная старонка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ёю застаецца. Тое, што мы сёння бачым на нашых экранах ці маніторах, – гэта толькі змены, якія нас, зацікаўленых, адсылаюць ці запрашаюць бліжэй да месца, дзе тая ці іншая інфармацыя нарадзілася – да дыяцэзіі і парафіі. Як мы бачым, з левага боку манітора з'явіліся спасылкі на сайты дыяцэзій – гэта запрашэнне бліжэй пазнаць наш мясцовы Касцёл.

Сапраўды, як казаў грэчаскі філосаф Геракліт "Panta rhei" – усё цячэ-змяняецца. Гэта датычыцца і людзей, якія выконваюць тую ці іншую працу. Прыходзяць новыя людзі ў Касцёл на тую ці іншую працу. Змяніўся прэс-сакратар епіскапату, ім стаў ксёндз канонік Юрый Ясевіч. Так вырашылі біскупы, чакаем новых ініцыятыў і ідэй.

Новыя прадпісанні адносна выступлення духавенства ў СМІ з'явіліся пасля доўгіх меркаванняў. Медыйная прастора стала больш "даступнай", чалавек мае больш просты спосаб "заявіць" пра сябе. Пры ўсім гэтым важна памятаць: мы не павінны шукаць сенсацыі, мы кажам (распавядаем) аб сенсацыі: "Хрыстус жыве! Ён наша адзіная надзея. Ён жыве і хоча, каб ты жыў. Хрыстус з'яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету", як казаў Папа Францішак. Мы – той, хто стварае і вядзе свой акаўнт – павінны трымацца менавіта гэтай ідэі: "Не казаць – гэта маё меркаванне, а перадаць праўды, дазволіць чытачу самастойна вырашыць", на гэтым базуецца свабода. Таму з'явіліся новыя прадпісанні адносна выступлення духавенства ў СМІ. Без інфармацыйных дарожных знакаў ці навігацыі не даедзеш да мэты.

Часта сустракаюся ў размове з вернікамі з акрэсленнем: "там (у інтэрнэце) няма нічога цікавага, толькі 'бруд'". У такіх выпадках я задаю ім пытанне: "А колькі вы ўнеслі туды 'дабра'?"

Рэзюмуючы, хочацца звярнуць увагу на "сустрэчу". Напэўна, важна быць у медыйнай прасторы, без гэтага на сённяшні дзень цяжка сабе ўявіць жыццё. Аднак мы павінны нашай інфармацыяй (зместам) заахвоціць чытача да вандравання па тых месцах і сустрэчы з тымі людзьмі, аб якіх мы пісалі на нашых сайтах. Чалавек патрабуе дотыку, хоча адчуць хваляванне сэрца суразмоўцы.

Пра "Чырвоны касцёл" і іншыя выклікі

Сітуацыя вакол касцёла святых Сымона і Алены працягвае хваляваць вернікаў. Гэта не проста будынак, а сімвал веры і культурная спадчына. Парафія часова пазбаўлена магчымасці маліцца ў сваім храме, але захоўвае еднасць і надзею. Як развіваецца праца па вырашэнні гэтага пытання? Якія іншыя выклікі для Касцёла Вы лічыце найбольш істотнымі на дадзены момант?

Так, гэта праўда. Мінск без “Чырвонага касцёла” цяжка сабе ўявіць. Цяжка сабе ўявіць і будынак “Чырвонага касцёла” як толькі будынак. Бо дзеля сустрэчы чалавека з Богам яго будаваў Слуга Божы Эдвард Вайніловіч. Касцёл – месца "духоўнай сустрэчы чалавека з Богам і Бога з чалавекам".

На жаль, будынак касцёла па дакументах з'яўляецца ўласнасцю прадпрыемства “Мінская спадчына”, парафіяльная супольнасць выкарыстоўвала будынак храма і іншыя пабудовы па дамоўленасці. Пасля ўзгарання будынак прызнаны неадпаведным для выкарыстання вернікамі па тэхнічных пытаннях.

Сёння вернікі парафіі святых Сымона і Алены збіраюцца на малітву ў мінскай архікатэдры. Вядома, што не хапае месца і часу, каб можна было весці паўнавартаснае душпастырства, аднак як ёсць, так ёсць. Молімся і чакаем, калі будынак будзе перададзены каталіцкім вернікам, як і было ў задуме фундатара “Чырвонага касцёла” Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, саркафаг з парэшткамі цела якога знаходзіцца ў яго мурах. Дарэчы, Вайніловіч свайго часу зафундаваў пабудову і праваслаўнай царквы.

На сённяшні дзень ксёндз-прэлат Уладзіслаў Завальнюк, былы пробашч “Чырвонага касцёла”, з'яўляецца дэлегатам пастулатара дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Як вядома, да беатыфікацыі патрэбен цуд, таму заахвочваю маліцца аб гэтым да Бога.

Адказваючы аб выкліках сённяшняга дня, якія стаяць перад вернікамі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, хочацца падкрэсліць, што яны, напэўна, актуальныя і для кожнага чалавека на нашым зямным шары. Сустрэча чалавека з Богам і чалавека з чалавекам. Чалавек – жывая істота, разумная. У нашых жылах цячэ кроў, а не ток, а наш розум – не месца для біткоінаў. Таму нашым заданнем, як кажа Папа Францішак, з'яўляецца заахвоціць чалавека ўстаць з канапы, адарвацца ад камп'ютарнага манітора, выйсці з-за нашай агароджы і сустрэць чалавека. Сустрэўшы чалавека, дапамагчы яму, калі патрабуе дапамогі, або папрасіць у яго дапамогі, і толькі тады запытаць у яго, да якой рэлігіі ці нацыянальнасці ён належыць. Так мяркуе Папа Францішак, і я з ім поўнасцю згаджаюся.

Пра пастырскую працу

Сучасны свет ставіць перад Касцёлам новыя задачы ў справе евангелізацыі і душпастырства. Змяняюцца формы камунікацыі, з'яўляюцца новыя патрэбы ў вернікаў. Як у гэтых умовах трансфармуецца характар душпастырскай працы? Якія новыя падыходы і формы служэння Вы бачыце як найбольш эфектыўныя і запатрабаваныя?

Сучасны чалавек усё больш аддаляецца ад духоўнага дыялогу са Стварыцелем, аддаючы перавагу камунікацыі з матэрыяльным светам і тэхналогіямі. Важна змяніць напрамак дыялогу, яго адрасата. Папа Францішак у "Laudato si’" вядзе чытача па ўзгорках і далінах пад чыстым небам пілігрымкі да Створцы. Добра, калі мы маем чым любавацца ў нашай сінявокай краіне, аднак усе мы "пілігрымы надзеі", мы вяртаемся да дому нябеснага Айца, у Яго трэба пытацца аб накірунку дарогі...

Апошнім часам у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі было створана некалькі новых душпастырстваў. Спачылы Папа Бэнэдыкт XVI казаў аб "малым Касцёле", гэта значыць супольнасці вернікаў, якая аб'яднана пэўнай канкрэтнай ідэяй, меркаваннем або замілаваннем у межах душпастырскай апекі Касцёла. “Маці ў малітве” і “Кола святога ружанца”, біблійныя сустрэчы і малітва ў абарону ненароджаных дзяцей, і многае іншае.

Заўважым, што Хрыстус, калі ўбачыў вялікі натоўп людзей, сказаў апосталам, каб яны іх размеркавалі па 50 чалавек. Гэта невялікая супольнасць вернікаў, якая ведае сябе па імені. Яны ведаюць адно аднаго не толькі з выгляду, але і па сваіх меркаваннях. Таму мяркую, што менавіта месца сустрэчы, магчымасць не толькі паўтарыць хорам за святаром малітву, але і падзяліцца сваім досведам веры патрэбны сёння ў Касцёле. Так, гэта патрабуе прысутнасці духоўнай асобы, каб накіраваць, падказаць або і затрымаць меркаванне, неадпаведнае Евангеллю.

Мы маем вялікую патрэбу ў пакліканнях. Хрыстус прыйшоў да возера, да мытніка, а нават скінуў з каня, каб адарваць ад створанага і паклікаць да Створцы. Чалавек усё сваё жыццё мае разважаць і знайсці адказ: дзеля чаго мяне паклікаў Бог да жыцця праз любоў маіх бацькоў. І чым хутчэй чалавек знойдзе той адказ, тым больш ён унясе дабра супольнасці, у якой Бог яго паклікаў у свой час. Дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся ў час, у якім Бог выбраў нас. Трэба любіць і цаніць месца і даражыць часам.

Пра вернікаў за мяжой

Многія вернікі пакінулі краіну за апошнія гады. Як Касцёл падтрымлівае сувязь з імі і дапамагае захаваць духоўнае жыццё на чужыне?

Ведаеце, мне ўзгадваецца выказванне з верша Рыната Камаліева "Все мы гости на празднике жизни", можа, ён і паўтарае за некім, аднак чужына ёсць чужына! Чалавек мае права да вандравання, аб гэтым кажа праз увесь свой пантыфікат Папа Францішак. Як мы кажам: рыба глыбей выбірае, птах вышэй, а чалавек? Зноў паўтаруся: "дзе нарадзіўся, там прыгадзіўся". Папа Францішак у Evangelium Gaudium піша аб мове, на якой трэба размаўляць з дзіцём пра Бога і Божае, называючы яе матчынаю. Таму мяркую, важна, каб чалавек меў права і магчымасць маліцца на мове сваіх продкаў. А з гэтым звязаны і традыцыі той ці іншай супольнасці вернікаў. Тады лягчэй маліцца і быць зразуметым.

Вернікі, якія выбіраюць месцам свайго жыхарства "чужыну", мяркую, ведаюць, што іх сустрэне – праца, барацьба. Прарок Ёў (7, 1) пісаў: "Барацьбой з'яўляецца жыццё чалавека...", таму да вытокаў плывецца заўсёды супраць цячэння, аднак да вытокаў чыстай вады. Таму хочацца запэўніць тых, хто "пакінуў гнёзды свае": мы молімся за вас, "пілігрымаў надзеі", і чым зможам, дапаможам. Аднак на ўсё патрэбны час, час на размеркаванне нашых магчымасцей, час для вас запусціць "карані" – абраць месца жыхарства.

Ведаеце, у нас яшчэ ёсць святары, якія абслугоўваюць па тры і чатыры парафіі, у нядзелю пераадольваючы больш за 200 кіламетраў, самі за рулём. Пры гэтым хочацца звярнуцца да вернікаў, каб маліліся аб пакліканнях, каб сваім жыццём веры і рэлігійных практыкаванняў давалі знак жывому Касцёлу – што патрабуюць прысутнасці святара не толькі ад свята да свята, але кожны дзень вандравання.

У Касцёле ў Беларусі ёсць душпастырства іншамоўных вернікаў, гэта датычыцца ў большасці студэнтаў. Мясцовы Касцёл там, дзе мы жывём, мае распазнаць сітуацыю і знайсці магчымыя сродкі яе вырашэння. Таму трэба быць актыўным і заўважным на новым месцы жыхарства, трэба "плысці і гаманіць". На ўсё патрэбны час і чалавек.

Епіскапат Беларусі актыўна працуе ў гэтым напрамку. Ёсць святары, якія працуюць за мяжой і якія былі накіраваны да гэтай працы. Ведаю, што супольнасці нашых вернікаў за мяжой невялікія, гэта 30-40 чалавек, таму на сённяшні дзень немагчыма, каб мы маглі задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых на рэгулярнай аснове. Бог надзяліў нас вялікімі здольнасцямі і магчымасцямі, таму трэба шукаць шляхі рэалізацыі чаканняў чалавека, які не проста чакае, а рухаецца наперад, пераадольваючы сустрэтыя перашкоды.

Пра духоўнае жыццё

У час, калі свет становіцца ўсё больш секулярным, а людзі сутыкаюцца з рознымі выклікамі ў захаванні сваёй веры, асаблівую важнасць набывае пытанне духоўнага развіцця. Як у сучасных умовах дапамагчы вернікам захаваць і паглыбіць сваё духоўнае жыццё? Якія формы духоўных практык Вы лічыце асабліва карыснымі?

Мяркую, што ўжо вышэй былі закранутыя гэтыя пытанні. Аднак, адказваючы на іх у гэтым месцы, хочацца звярнуць увагу на сям'ю. Дзяржава і Касцёл – гэта супольнасць сем'яў. Сям'я, як казаў святы Ян Павел II, – гэта хатні Касцёл, там усё пачынаецца: і жыццё, і вера, і любоў. Таму мяркую, існуе вялікая патрэба працы з сем'ямі. Традыцыйныя сем'і, дзе тата і мама згодна з Божым наказам і благаслаўленнем прымаюць новае жыццё, клапоцяцца пра духоўнае жыццё дзіцяці не толькі словам, але і прыкладам. Гаворка ідзе аб сумеснай малітве ў родным доме ці кватэры.

На маё меркаванне, на першых парах дзеці павінны быць у касцёле разам з бацькамі, каб бацькі ў адпаведную хвіліну маглі патлумачыць дзіцяці, як сябе паводзіць, што азначае той ці іншы літургічны жэст. Калі бацькі лічаць, што гэта толькі святар мае абавязак весці катэхезу, то нічога з гэтага не атрымаецца.

Яшчэ, мы, хрысціяне-католікі, выбралі Хрыста сваім Правадыром і Збаўцам. Мы крэслім знак Святога Крыжа на сабе штодзённа, прызываючы Тры Божыя Асобы: Айца, Сына і Духа Святога. Што мы ведаем пра Іх акрамя таго, што пачулі ў касцёле на святой Імшы? У школе дзеці вучацца і атрымліваюць дамашняе заданне, бо інакш матэрыял не замацуецца, не засвоіцца. Таму гэта не пытанне, а просьба да ўсіх: чытайце Святое Пісанне, Добрую Навіну Езуса Хрыста – Евангелле. Трэба пазнаёміцца з жыццём першых хрысціян па старонках Дзеяў Апосталаў. Чытаць пасланні апосталаў, якія прасякнуты турботай і клопатам аб сваіх сябрах, каб яны не загінулі, але здабылі вянец перамогі.

Вернікі, якія спазналі ў паўнаце навуку Касцёла, з'яўляюцца сапраўднымі пілігрымамі надзеі, яны ведаюць напрамак свайго пілігрымавання. Іх можна сустрэць на пілігрымскіх шляхах да санктуарыяў, у аўтобусных пілігрымках, на Крыжовым шляху і падчас набажэнства Песняў жальбы; іх прыцягваюць індывідуальныя рэкалекцыі. Іншыя ж, тыя, хто толькі па метрыцы хросту лічацца вернікамі, уцякаюць ад чорнага ката, чытаюць прагнозы астролагаў, часам "чаруюць" або наракаюць на продкаў, якія зграшылі ў свой час, называюць той ці іншы год годам "звяроў". Між тым, час і вечнасць насамрэч належаць Богу, і кожны год мы атрымліваем ад Пана Бога як дар.

Пры нагодзе хочацца папрасіць, каб мы за маладым багатым юнаком звярталіся менавіта да Хрыста са словамі запытання аб нашым месцы і часе і пакліканні: "Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?" (Лк 18, 18).

Пра экуменічны дыялог

У Беларусі традыцыйна суіснуюць розныя хрысціянскія канфесіі. Як развіваецца экуменічны дыялог у сённяшніх умовах? Ці ёсць нейкія новыя формы супрацоўніцтва паміж канфесіямі?

Падчас тэлепраграмы "Сто запытанняў да дарослага" моладзь мяне запытала: "У чым адрозненне праваслаўных і католікаў?" Тады я адказаў, што найперш нам трэба адказаць: што нас яднае. Мы хрысціяне, належым да Хрыста, ідзём, наследуем Хрыста, спазнаём Яго навучанне. У пілігрымцы нашай веры, так як і тады, апосталы ішлі за Езусам: адзін з правага боку, другі з левага, а яшчэ іншы ўдагонку, паўстае пытанне: хто з іх бліжэй да Хрыста? Той, хто выконвае волю Айца Нябеснага, Якога нам аб'явіў Езус. Па ўчынках маем распазнаваць вучняў Хрыста. Так можам адказаць: наколькі я Хрыстовы і ці маю права іншых папраўляць.

Таму зноў вяртаемся да нашых сем'яў як касцельнага інстытута і месца рэалізацыі наказу Хрыста, каб усе былі адно. Гаворачы аб новых формах экуменізму, хочацца ўзгадаць выказванне папы Бэнэдыкта XVI: усе формы добрыя, аднак самай спраўджанай з'яўляецца наказ Хрыста да малітвы: маліцеся, каб вытрымаць у веры.

Пра новы закон

Новы закон "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" прадугледжвае перарэгістрацыю ўсіх рэлігійных суполак да ліпеня 2025 года. Як праходзіць гэты працэс для каталіцкіх парафій? У святле новага заканадаўства змяняюцца падыходы да рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Як Касцёл плануе працягваць сваю адукацыйную місію ў новых умовах?

Новы закон падпісаны. Мы, як і ўсе рэлігійныя суполкі Беларусі, маем да яго патрабаванняў дастасавацца. Пры выпрацоўцы новага закона мы мелі свой удзел, выказвалі нашы меркаванні і просьбы. Некаторыя з іх былі ўнесеныя ў літару закона. Працэс ідзе. Некаторыя парафіі ўжо перарэгістраваліся згодна з новымі патрабаваннямі. З аднаго боку, можам гаварыць аб цяжкасцях, бо шмат працы. З іншага – гэта праца, перагляд таго, што маем і што неабходна мець, каб быць "жывым арганізмам" у Касцёле і грамадстве.

Пытанне адукацыі і катэхізацыі застаецца ў адпаведнасці з Хрыстовым наказам: "Ідзіце і навучайце ўсе народы". Што і будзем рэалізаваць у адпаведнасці з Божым вечным наказам і дзяржаўным у канкрэтным месцы і часе.

Пра будучыню

Касцёл у Беларусі мае багатую гісторыю і глыбокія традыцыі. Сёння мы жывём у час хуткіх змен і новых выклікаў. Якім Вы бачыце Касцёл у Беларусі праз наступныя гады? Якія прыярытэты ў развіцці касцельнага жыцця Вы лічыце найбольш важнымі для захавання і ўмацавання веры?

Нядаўняя сустрэча з Прэзідэнтам краіны прадстаўнікоў традыцыйных канфесій Беларусі паказала, што важна захаваць тое, што "напрацавана" нашымі продкамі, тое, што згодна з наказам Стварыцеля: традыцыйная сям'я– тата плюс мама; новае жыццё, адкрытасць на нараджальнасць; дапамога састарэлым і адзінокім; сяброўства з суседзямі.

Якім Касцёл будзе? Якімі будзем мы. Якімі будзем мы? Наколькі мы будзем Хрыстовымі? Наступныя гады будуць такімі, якімі сённяшні і ўчарашні дзень былі.

Асабістае пытанне

За гады Вашага біскупскага служэння Касцёл перажыў розныя перыяды – і радасныя, і складаныя. Быць духоўным лідарам у такі час патрабуе асаблівай мудрасці і сілы духу. Што дапамагае Вам захоўваць унутраную раўнавагу і аптымізм? Якія духоўныя крыніцы даюць Вам сілы для служэння?

Адна справа быць сабой, іншая – старацца быць падобным да кагосьці. Я вырушыў у шлях зямнога жыцця ў Вялікую Пятніцу 1969 года, прыблізна ў 15.00 – у “гадзіну міласэрнасці”. За гэты час сапраўды многа змянілася і перамянілася, нешта засталося. Я ведаю сваё імя, сваіх продкаў да 10 пакалення, ад 1723 года, ці буду шукаць глыбей – не ведаю. Ведаю, што Бог мяне любіць, вельмі любіць. Ведаючы мяне, Ён надалей вядзе са мной дыялог. Таму я моцна трымаюся Яго далоні. Бо важна не змяняць Таго, з кім выйшаў у пілігрымку, на таго, каго ці што можаш сустрэць на гэтым шляху. Ён вядзе, я іду, здараецца, што вельмі цяжка захаваць рытм і хуткасць. Стараюся не крыўдзіць сяброў і не смяшыць "ворагаў". А калі выдаецца іншым, што на мне няма чыстага месца, я ведаю, што "золата не траціць сваёй вартасці ў брудзе", станаўлюся на калені і прашу Бога аб прабачэнні. І Ён мяне сілкуе і вядзе далей пад дэвізам маёй біскупскай паслугі: Радасць Евангелля – Хрыстус жыве! (Evangelii Gaudium – Christus Vivit!)
 

24 лютага 2025, 11:51
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930